Палітвязень Руслан Акостка, якому дадалі яшчэ год зняволення, верыць: «Усё нядрэнна, але стане яшчэ лепш»
Былы дэсантнік Руслан Акостка з Салігорску даслаў вестачку з-за кратаў
Палітзняволенаму былому дэсантніку Руслану Акостку, якога асудзілі да трох гадоў зняволення, нядаўна дадалі яшчэ год калоніі па новай крымінальнай справе. Днямі ён даслаў на волю ліст. Ён не губляе бадзёрасці духу і добра сябе адчувае:
«Жывы, здаровы і не хварэю — гэта галоўнае на цяперашні момант, а можа і ў жыцці ў цэлым. Мне дадалі яшчэ годзік да майго асноўнага тэрміну, вызвалюся я летам 2024 года. Ну нічога страшнага, справімся, не прападзем. Час бяжыць імкліва, тэрмін пройдзе хутка. На нашай вуліцы будзе свята — самае яркае і маляўнічае. З настроем і пачуццём гумару таксама ўсё ўдобра. У прынцыпе, усё нядрэнна, але стане яшчэ лепш».
У віцебскім СІЗА Руслан будзе знаходзіцца да разгляду апеляцыйнай скаргі. Да гэтага часу палітвязня можна падтрымаць лістамі, грашовым пераводам або пасылкай на адрас: СІЗА-2, 210026, Віцебск, Гагарына, 2, Руслан Уладзіміравіч Акостка