22 гады калоніі — новы рэкорд па палітычнай справе ў Беларусі
Вынесены прысуд беларусу, які, па словах дзяржаўных органаў, планаваў здзейсніць тэракты ў Мінску і Барысаве. Вячаслаў Малейчук атрымаў самы вялікі тэрмін па палітычна матываваным прысудзе — 22 гады.
Судовая калегія пад старшынствам суддзі Уладзіміра Арэшкі прысудзіла яго да 22 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.
26 сакавіка 2021 МУС заявіла, што прадухіліла тэракты ў Чыжоўцы і ў вайсковай частцы ў Печах. На відэа паказалі Малейчука, які казаў, што атрымаў загад ад кагосьці з BYP*L. Але назіральнікі прыйшлі да высновы, што мела месца правакацыя з боку невядомых асоб, якія выдавалі сябе за ўдзельнікаў BYP*L. Cудзілі аднаго Малейчука, хаця на распаўсюджаным відэа ён казаў аб яшчэ адным хаўрусніку.
Вячаслава Малейчука прызналі вінаватым па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 289, ч. 1 арт. 13 ч. 3 арт. 289 (падрыхтоўка і замах на акт тэрарызму), ч. 3 і ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да выбуховых рэчываў), ч. 1 арт. 295-3 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанне гаручых рэчываў).
Такім чынам гэты прысуд — найбольшы, які быў агучаны ў Беларусі з моманту пачатку пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020.