ААН прызнала неправамерным пазбаўленне волі Максіма Знака
Пазбаўленне волі Максіма Знака з'яўляецца адвольным — так вырашыла Рабочая група па адвольных затрыманнях ААН. Гэта меркаванне ААН даслалі беларускім уладам.
Рашэнне аб гэтым прынята Рабочай групай па адвольных затрыманнях ААН (WGAD), якая разгледзела скаргу, пададзеную абаронай Максіма 4 кастрычніка 2020 года. Меркаванне Рабочай групы ў дачыненні да Знака зацверджана ў красавіку 2022 і накіравана ўладам Беларусі 21 траўня 2022 года.
Рабочая група па адвольных затрыманнях ААН прыйшла да высновы, што пазбаўленне волі Знака праведзена ў парушэнне артыкулаў 7, 9, 10, 11, 19, 20 і 21 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і артыкулаў 9, 14, 19, 22, 25 і 26 пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і з'яўляецца адвольным.
Рабочая група пастанавіла, што належным сродкам прававой абароны з'яўляецца неадкладнае вызваленне Максіма і прадастаўленне яму права на кампенсацыю. Рабочая група ў сваім рашэнні заклікала ўрад Беларусі прыняць тэрміновыя меры для забеспячэння неадкладнага безумоўнага вызвалення палітвязня.