Пашпарты з штампам пра забарону ўезду ў Беларусь лічацца ў Расеі сапсаванымі
Пашпарты расейскіх журналістаў, у якія паставілі штамп пра забарону на пяць гадоў уязджаць у Беларусь, лічацца ў Расеі сапсаванымі, паведаміла «РИА Новости» з спасылкай на МУС Расеі.
«У адпаведнасці з пунктам 6 пастановы ўраду РФ «Пра зацверджанне палажэння аб пашпарце грамадзяніна Расейскай Федэрацыі» забараняецца ўносіць у пашпарт звесткі, пазнакі і запісы, не прадугледжаныя гэтым палажэннем. Пашпарт, у які ўнесеныя звесткі, пазнакі ці запісы, не прадугледжаныя гэтым палажэннем, ёсць несапраўдным», – гаворыцца ў адказе ведамства на запыт агенцтва.
У той жа час у МУС Расеі адзначылі, што, паколькі віна ўладальніка пашпарта адсутнічае, караць журналістаў за гэта ня будуць.
Некалькі расейскіх журналістаў затрымалі пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Некаторым пасля таго, як іх адпусцілі, забаранілі ўезд у краіну на некалькі гадоў.
Радыё Свабода