Сабакам тут месца!

Петыцыя з прапановай унесці змены ў правілы ўтрымання хатніх жывёлаў сабрала за месяц усяго 276 подпісаў, але назваць гэтую тэму неактуальнай было б крывадушшам.

349c990ab6c453afa79180a77c74b6f4_xl_5.jpg

На заканадаўчым узроўні ёсць шмат абмежаванняў адносна таго, як і дзе можна з’яўляцца з жывёламі (у рэальнасці гэта значыць «з сабакамі»), і далёка не ўсе гэтыя абмежаванні выглядаюць лагічнымі і гуманнымі.

Што прапануе петыцыя?

- Дазволіць выгул сабак у дварах жылых дамоў пры наяўнасці савочку і пакета для экскрэментаў;
- Дазволіць прыводзіць сабак у крамы, на прадпрыемствы грамадскага харчавання і побытавага абслугоўвання насельніцтва і іншыя грамадскія будынкі, за выключэннем школ,дашкольных навучальных устаноў, устаноў аховы здароўя. Для наведвання грамадскіх месцаў сабака мусіць мець усе абавязковыя прышыэпкі для хатніх жывёлаў, гаспадары павінны мець з сабой савок і пакет;
- Абавязаць гаспадароў небяспечных парод апранаць наморднікі на сабак пры наведванні грамадскіх месцаў;
- Абавязаць гаспадароў выплочваць штраф у выпадку, калі за хатняй жывёлай не прыбраныя экскрэменты.
Найперш хочацца засяродзіцца на праблеме забароны ўваходу ў крамы з сабакамі. Сама па сабе гэтая забарона часам прыводзіць да жудасных наступстваў, і справа не толькі ў тым, што гаспадары прывязваюць сабак побач з крамамі, рызыкуючы, што сабаку скрадуць, пакалечаць альбо заб’юць.
13 жніўня гэтага года побач з аднім з Менскіх гіпермаркетаў сабака задыхнуўся ў машыне. На вуліцы ў той дзень было 26-28 градусаў, у машыне з выключаным кандыцыянерам і закрытымі вокнамі – не менш за 44 градусы. Нельга адназначна сцвярджаць, што, калі б у краму можна было зайсці з сабакам, дык гэтай смерці не адбылося.
У той канкрэтнай сітуацыі праявіўся ўвесь спектр бесчалавечнага стаўлення дзяржавы да жывёлаў: разбіць вакно ў машыне, каб вызваліць пса  – значыць, здзейсніць адміністратыўнае правапарушэнне; Міністэрства надзвычайных сітуацый па законе ўвогуле не мусіць дасылаць машыны на такія выпадкі (хоць часам ідзе насустрач і робіць гэта). Тое, што людзі стаялі і назіралі, як памірае сабака, бо баяліся, што за разбітае ў машыне шкло давядзецца заплаціць, - гэта пытанне сумлення гэтых людзей, але перад імі першапачаткова не павінна было быць гэтай дылемы.
Калі дзяржава дазволіць заходзіць у крамы з жывёламі, яна аўтаматычна знізіць колькасць патэнцыйна небяспечных для жывёл сітуацый. Канечне, немагчыма прыбраць рызыку цалкам, бо праблема не толькі ў забаронах, але таксама і ў недастатковай адказнасці людзей, якія заводзяць хатніх жывёлаў. Але справа дзяржавы – зрабіць усё магчымае са свайго боку, і пакуль яна гэтага не зрабіла і, па шчырасці, не асабліва спяшаецца выпраўляць сітуацыю.
Дар’я Леус, беларуская зоаахоўніца, распавядае што выпадкі знікнення сабак побач зкрамамі можна падзяліць на тры тыпы:
Гаспадары прывязваюць сабак побач з крамай, і іншыя людзі крадуць жывёлу і потым развешваюць аб’явы, што знайшлі пса і хочуць вярнуць яго за ўзнагароду. Так здараецца перш за ўсё, канечне, з пародзістымі сабакамі.
Нейкія людзі мэтанакіравана проста адвязваюць прывязаных сабак, і тыя ідуць шукаць гаспадароў.Сабакі проста губляюцца.
«Як, напрыклад, я хажу ў краму са сваімі сабакамі? Я бяру павадок, прывязваю да таго, да чаго магу прывязаць і іду ў краму. Але я жыву ў маленькім горадзе, і мяне тут усе ведаюць, і сабак маіх усе ведаюць. А ў іншых гарадах здараецца інакш – і крадуць, і проста адвязваюць. Зразумела, што ў ідэале было б увогуле не браць сабак з сабой, калі ідзеш у краму, альбо браць з сабой яшчэ аднаго чалавека, які зможа пастаяць з жывёламі, пакуль ты закупаешся, але ж не заўжды так атрымліваецца.
І ўсё ж галоўная прычына, што з сабакамі здараецца бяда — гэта тыя людзі, якія хочуць зрабіць з імі штосьці нядобрае. Калі на заканадаўчым узроўні будзе дазволена заходзіць у крамы з сабакамі, шмат хто і праўда перастане прывязваць псоў каля ўваходу. Сярод сабачнікаў, нажаль, таксама бываюць не вельмі прыстойныя людзі, якія кепска ставяцца да ўласна сабак. Пёс у іх аказаўся выпадкова, і яны ставяцца да яго даволі безадказна: згубіўся  - значыцца, гэта лёс такі. Прыстойныя сабачнікі, канечне, пры магчымасці перастануць пакідаць пітомцаў побач з крамамі. Калі любіш сваю жывёлу і клапоцішся пра яе, дык не станеш падвяргаць яе лішнім рызыкам».

Замежны досвед

Украінская зоаабаронца Анастасія Глазу, стваральніца ЛюбасХауса, «прытулачку для сабак», у якім жывуць у тым ліку і сабакі з інваліднасцю, выступае катэгарычна супраць таго, каб сабак пакідалі побач з крамамі.
«Досвед валанцёрства ў базе аб’яваў пра згублёных жывёлаў паказаў, што пакінутыя побач з крамамі — гэта вельмі вялікі працэнт ад усіх губленых сабак. Вельмі часта іх крадуць, каб потым прадаць у лепшым выпадку родным гаспадарам. І дужа шмат выпадкаў накшталт «я на секунду заскачыў у краму за півам, пакінуў пса ля ўваходу, і ў яго дзевяць нажавых раненняў у шыю». Канкрэтны выпадак з дзевяццю нажавымі здарыўся ў Расіі, але і ва Украіне з гэтым усё вельмі сумна. Яшчэ п’яным часта цікава падражніць пса, пнуць яго. А побач з крамамі заўжды ёсць п’яныя».
У адной краме у Італіі зрабілі адмысловыя прадуктовыя цялежкі з адсекамі для сабак. Гаспадар крамы патлумачыў сваё рашэнне тым, што хвалюецца за тых сабак, якім вельмі цяжка чакаць сваіх гаспадароў і гаспадынь на вуліцы. І каб сабакі не хваляваліся, людзі прыдумалі гэтыя адмысловы цялежкі.
У Швейцарыі ў 2002 годзе быў прыняты закон, які надаў хатнім жывёлам асаблівы прававы статус – цяпер яны не маёмасць людзей у класічным разуменні, а чальцы грамадства, чые інтарэсы людзі мусяць улічваць. Такім чынам, немагчыма ўявіць, каб сёння ў швейцарскім горадзе натоўп стаяў і назіраў, як сабака задыхаецца ў машыне.

Законы мусяць працаваць

Але мала проста прыняць закон. Трэба зарбіць так, каб ён працаваў. Вось некалькі норм, даўно замацаваных у беларускім заканадаўстве.

Рашэнне Мінскага гарадского Савета дэпутатаў. Правілы ўтрымання хатніх сабак, котак.
Глава 3 Абавязкі ўладароў сабак і котак: 11.2 рэгістраваць жывёлаў на працягу трох дзён пасля набыцця (шчанюкоў неабходня рэгістраваць з трохмесячнага ўзросту, а шчанюкоў патэнцыйна небяспечных парод сабак – на працягу трох дзён з моманту нараджэння); 11.3 у трохдзённы тэрмін ставіць у вядомасць ветэрынарныя ўстановы па месцы пастаяннага жыхарства аб набыцці жывёлы, продажы, знікненні, змяненні месца жыхарства альбо здачы сабакі, коткі альбо смерці жывёлы; 11.4 неадкладна паведамляць у медыцынскую і ветэрынарную ўстанову пра выпадкі ўкусаў, нанесеных сабакам, коткай альбо іншай жывёлай людзям альбо жывёлам; 11.5 неадкладна дастаўляць сабак, котак і іншых жывёлаў, якія пакусалі людзей і жывёлаў, у ветэрынарную ўстанову для агляду і карантыну; 11.8 штомесячна ўносіць плату на ўтрыманне сабак; 1.10 учыняць захаванне трупаў жывёлаў на скотамагільніках у месцах, якія ўзгоднены з санітарна-эпідэміялагічнымі і ветэрынарнымі ворганамі. Закопваць альбо выкідаць трупы жывёлаў забаронена.
Шмат вы ведаеце людзей, якія ўсё гэта робяць? Я — ніводнага. А шмат выпадкаў чулі, каб чалавек быў пакараны за невыкананне адпаведных нормаў?


Улады могуць прыняць хоць пяць ідэальных законаў, якія будуць рэгуляваць умовы ўтрымання жывёлаў. Але сэнсу ў іх будзе вельмі мала, калі яны не будуць фактычна працаваць. У людзей нізкі ўзровень свядомасці у пытаннях утрымання хатніх жывёлаў? Дык гэты ўзровень трэба павышаць на ўзроўні масавай адукацыі і рэальных фінансавых пакаранняў за парушэнне закона.
Для старэйшага пакалення, і асабліва людзей, якія выраслі ў  вёсцы, жывёлы – гэта не сябры і не кампаньёны, а носьбіты пэўных карысных функцый. Сабакі патрэбныя для таго, каб ахоўваць дом, а коткі для таго, каб лавіць мышэй. Гэтым людзям вельмі цяжка патлумачыць «словамі праз рот», што да жывёлаў трэба ставіцца інакш, і што ім балюча, і мы мусім адэкватна рэагаваць на гэты боль і ніколі не прымушаць жывёлу пакутваць наўмысна.
Калі беларускае заканадаўства дахволіць нам уваходзіць з сабакамі ў прадуктовыя крамы, само па сабе нічога не зменіцца. Нас чакае доўгі і цяжкі шлях перавучвання людзей. Ды што казаць пра сабак, калі нават немаўлят часам пакідаюць у калысках побач з крамамі! Але гэты закон – той неабходны крок, без якога немагчыма рухацца далей.
І калі камусьці падаецца, што праблема надумана, і што ўсё вельмі проста, бо можна спачатку выгуляць пса, а потым схадзіць у краму, дык адкажу, што гэта ідэальны момант, каб зняць белае паліто, ружовыя акуляры і паглядзець навокал. Аказваецца, побач з намі шмат людзей, для якіх лішні раз зайсці дамоў і выйсці нанова – гэта праблема. Людзі, якім фізічна цяжка падоўгу стаяць і хадзіць, жанчыны ў дэкрэце, якім трэба перасоўвацца і з сабакам, і з немаўлём адначасова. 
Канечне, гэты закон не вырашыць усіх нашых праблем. Але трэба ж з чагосьці пачынаць.
Паводле greenbelarus.info