П'яны баксёр з Гомеля, які збіў семярых чалавек, змагаўся такім чынам за здаровы лад жыцця
Навабеліцкім (Гомеля) раённым аддзелам Следчага камітэта выстаўлена абвінавачанне жыхару абласнога цэнтра 1990 года нараджэння ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 339 КК (хуліганства). Ён узяты пад варту.
Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УСК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава, 30 чэрвеня прыкладна ў 17.00 абвінавачваны, будучы ў стане алкагольнага ап’янення, у магазіне «Тапаз» збіў неўстаноўленага мужчыну, як мяркуецца, бяздомнага. Пасля гэтага ён нанёс удар нагой у вобласць жывата прадаўшчыцы, якая заступілася за збітага.
Жанчына, спалохаўшыся паводзінаў незнаёмага хлопца, лягла на зямлю і стала адпаўзаць убок. Абвінавачваны скочыў ёй на спіну і зламаў рабро.
Сведкамі інцыдэнту сталі суседзі пацярпелай. Абвінавачваны, заўважыўшы падышоўшых мужчыну і жанчыну, беспрычынна збіў іх і ўцёк.
Па гарачых слядах нецвярозага маладога чалавека затрымалі ў пад’ездзе шматпавярховага дома ўчастковыя інспектары міліцыі Навабеліцкага РАУС, якія прыбылі па выкліку.
Пазней, пры дачы паказанняў у раённым аддзеле Следчага камітэта, абвінавачваны часткова растлумачыў матыў сваіх паводзінаў.
Ён мяркуе, што з такімі грамадзянамі можна размаўляць толькі на мове сілы. Непрацуючы малады чалавек растлумачыў, што захапляецца рукапашным боем і паўэрліфтынгам.
Па стане на 10 ліпеня з заявай аб прыцягненні зламысніка да крымінальнай адказнасці звярнуліся дзве жанчыны. Усяго на праходжанне судова-медыцынскай экспертызы адпраўлены чатыры чалавекі. Два чалавекі адмовіліся ад экспертызы.