Польскія спецслужбы: Пачаліся эвакуацыйныя рэйсы з Мінска ў Багдад
Ірак пачынае эвакуяваць сваіх грамадзян з Беларусі. Першыя эвакуацыйныя авіярэйсы ўжо пачаліся, напісаў у «Твітары» Станіслаў Жарын, прэсавы прадстаўнік міністра-каардынатара спецслужб Польшчы Марыюша Каміньскага.
Як піша «Радыё Свабода», паводле Жарына, прычынай гэтага сталі шматразовыя няўдалыя спробы пераходу мігрантамі польскай мяжы, праблемы з рассяленнем мігрантаў у Беларусі, а таксама ўсё халаднейшае надворʼе.
У раскладзе мінскага аэрапорта на 3 лістапада з’явіўся рэйс «Ірацкіх авіяліній» у Багдад а 14:30. На яго заяўлены самалёт «Boeing 737-800», які можа перавезці больш за 160 чалавек.