Прадпрымальнікі перадалі 1500 подпісаў супраць банкаўскіх тэрміналаў
11 лістапада ў Гродзенскі гарвыканкам перададзеныя паўтары тысячы подпісаў ІП супраць прымусовага ўвядзення банкаўскіх тэрміналаў індывідуальнымі прадпрымальнікамі.
bchd.info
Копіі подпісаў будуць накіраваныя ў Савет міністраў Беларусі.
Перад гэтым на кірмашах Гродна адбыліся сустрэчы з прадпрымальнікамі з удзелам сустаршыні БХД Віталя Рымашэўскага, гродзенскага абласнога каардынатара Міколы
Баўсюка, кіраўніка кампаніі Сяргея Верамеенкі.
“Падчас эканамічнага крызісу замест таго, каб рабіць рэформы, шукаць больш эфектыўныя формы гаспадарання, улады Беларусі ўводзяць новыя паборы з усіх катэгорый беларускага грамадства. Гэтыя банкаўскія тэрміналы беларуска-кітайскай вытворчасці каштуюць каля 500 долараў. Кошт аналагічных апаратаў за мяжой, у Польшчы, - у дзесяць разоў меншы. Па сутнасці, многім ІП, таксістам давядзецца аддаць за іх свой месячны прыбытак. Ніяк інакш як нахабнае рабаўніцтва з боку ўладаў гэта назваць немагчыма”, — цытуе Віталя Рымашэўскага прэс-служба БХД.
Гэтая кампанія пачалася ў Гродне, але зараз яе плануецца пашырыць на іншыя гарады Беларусі. “Калі ўлады не пачуюць прадпрымальнікаў, трэба будзе пераходзіць да негвалтоўных метадаў барацьбы і адстойвання правоў – вулічных акцый, страйкаў, бо іншых магчымасцяў у грамадзян уплываць на ўлады праз адсутнасць сумленных выбараў няма”, - дадаў сустаршыня БХД.