Праваслаўна. Зацверджана праграма «духоўна-маральнага» факультатыва для школьнікаў
У Беларусі зацверджана праграма факультатыва «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму» для V (VI) класаў сярэдніх агульнаадукацыйных устаноў. Адпаведная пастанова Мінадукацыі ад 23 жніўня 2021 года №183 уступіла ў сілу 19 верасня, паведамляе reform.by.
Факультатыў арганізоўваецца для школьнікаў пятых альбо шостых класаў (у залежнасці ад падрыхтоўкі). Праграма разлічана на 35 вучэбных гадзін, заняткі будуць штотыднёвымі.
«Мэта — фармаванне духоўна-маральнай культуры і патрыятызму навучэнцаў на аснове патэнцыялу хрысціянскіх традыцый і каштоўнасцей беларускага народа», — гаворыцца ў дакуменце.
Задачы ў факультатыва, як заяўлена, наступныя:
- «вывучэнне навучэнцамі духоўна-маральнай і культурнай спадчыны хрысціянства, яго ролі ў фарміраванні беларускай дзяржаўнасці і патрыятычным выхаванні»;- «фарміраванне ў школьнікаў імкнення кіравацца маральнымі нормамі, адказных паводзін, пазітыўнага стаўлення да жыцця, грамадзянскай пазіцыі і патрыятызму»;- «падахвочванне школьнікаў да духоўнага развіцця і ўдасканалення, здзяйснення добрых учынкаў, прытрымлівання ідэалаў хрысціянства, выхаванне любові да людзям і радзімы»;- «прафілактыка негатыўных паводзін і залежнасцей».
Пры правядзенні заняткаў павінны будуць улічвацца міжпрадметныя сувязі з гісторыяй, «рускай і беларускай літаратурай» (менавіта ў такім парадку літаратуры пазначаны ў дакуменце. — заўв. Reform.by), музыкай, жывапісам.
У зацверджанай праграме выкладзены тэматычны план, па якім павінна весціся выкладанне факультатыва, і кароткі змест кожнага тэматычнага раздзела з пералікам тэзісаў і паняццяў, якія павінны засвоіць дзеці.
Адзначым: хоць факультатыў называецца «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму», ён цалкам прысвечаны толькі хрысціянству, прычым у першую чаргу праваслаўю. Рэлігійная разнастайнасць Беларусі ў праграме факультатыва не ўлічваецца і нават не згадваецца. Нават на ўроках, прысвечаных духоўнаму краязнаўству, школьнікам будуць распавядаць толькі пра праваслаўныя святыні — каталіцкіх у спісе няма.
Цікава, што ў рамках некаторых урокаў запланавана своеасаблівае перапляценне рэлігійнай тэматыкі з законапаслухмянасцю.