Праз «Прывалку» можна будзе праехаць у Літву ў 10 разоў хутчэй

Міжнародны аўтадарожны пункт пропуску “Прывалка” на мяжы Беларусі з Літвой адкрыўся пасля рэканструкцыі. Рэканструкцыя пачалася ў 2010 годзе, і праводзілася за кошт сродкаў беларускага бюджэту.



privalka.jpg

Кардынальна зменена інфраструктура пункта пропуску, створаны ўмовы для працы супрацоўнікаў мытні і работнікаў сумежных службаў (ветэрынарнай, фітасанітарнай), памежнай службы, РУП «Белмытнясэрвіс», работнікаў страхавых арганізацый і банкаў.

Пункт пропуску абсталяваны найноўшай тэхнікай у частцы забеспячэння сувязі, відэаназірання, аудыёманіторынга, што дазволіць аб’ектыўна ацэньваць як дзеянні супрацоўнікаў мытні, так і асоб, якія перасякаюць мяжу. У прыватнасці, усталяваны сучасны сервер з аб’яднанай лакальнай сеткай, светлафорнае рэгуляванне руху, сістэма гучнай абвесткі, сістэма радыяцыйнага кантролю.

Дзякуючы ўкараненню ў працу пункта афармлення новых праграмных сродкаў кантролю час на праходжанне мяжы будзе скарочана да мінімуму. Ідзе пастаянная работа па асваенню новых тэхнічных сродкаў, якія павялічаць хуткасць афармлення і дазволяць весці стопрацэнтны ўлік перамяшчаемых транспартных сродкаў і асоб (сістэма счытвання нумароў і сістэма відэаназірання).

Як адзначаюць у ДМК, вялікая праца праведзена па ўдасканаленні працэдур афармлення. У ПТА ўкаранёныя і дзейнічае сістэма аналізу і кіравання рызыкамі, у аснову якой пакладзены збор, назапашванне і апрацоўка інфармацыі, рэалізавана сістэма зялёнага і чырвонага калідораў.

Прапускная здольнасць пункта павялічана больш чым у тры разы і цяпер складае 1.000 аўтамабіляў у суткі: гэта 570 легкавых, 400 грузавых аўтамабіляў, а таксама 30 аўтобусаў.

Разам з заканчэннем рэканструкцыі аб’ектаў у межах Праграмы трансгранічнага Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства «Латвія — Літва — Беларусь» у непасрэднай блізкасці ад пункта пропуску завяршаюцца будаўнічыя работы па ўстаноўцы стацыянарнага інспекцыйна-надгляднага комплексу для сканавання транспарту. Здача аб’екта плануецца ў лістападзе 2014 года, перадае БелаПАН.