Прэм'ер Латвіі едзе ў Мінск абмяркоўваць пастаўкі нафты
Прэм'ер-міністр Латвіі будзе абмяркоўваць з кіраўніцтвам Беларусі транзіт нафты на айчынныя НПЗ. Дадзеную тэму ў перамовах анансаваў у інтэрв'ю БелТА пасол Латвіі ў Мінску Эйнарс Семаніс.

Фота: Пасольства Латвіі ў Беларусі
Як раней паведамляў Reform.by, кіраўнік латвійскага ўрада Крыш'яніс Карыньш плануе наведаць Менск 16 студзеня. Запланаваныя яго перамовы з прэзідэнтам і ўрадам нашай краіны, а таксама ўдзел у нарадзе па арганізацыі і правядзенні Чэмпіянату свету па хакеі 2021, які адначасова адбудзецца ў Беларусі і Латвіі.
Эйнарс Семаніс падкрэсліў, што тэма рэверсных або альтэрнатыўных паставак нафты з'явілася ў беларуска-латвійскім дыялогу не ў снежні і не ў студзені. Гэтае пытанне ў той ці іншай ступені абмяркоўваецца пастаянна. Праз Латвію ўжо даўно ідзе паток айчынных нафтапрадуктаў.
«Латвійскае міністэрства транспарту 3 студзеня пацвердзіла, што заўсёды гатова ўдзельнічаць, калі будуць праекты па альтэрнатыўных пастаўках нафты», — сказаў пасол.
Ён таксама адзначыў, што праз латвійскія парты ў мінулым годзе было пастаўлена за 3,7 млн т прадукцыі беларускіх НПЗ. Задзейнічаны парты Вентспілся, Рыгі і ў меншай ступені Ліепаі. Аб'ём чыгуначных перавозак склаў 5,3 млн тон.
У цэлым у ходзе візіту будуць старанна разглядацца кантакты ў сферах транзіту, лагістыкі і транспарту.
Паводле reform.by