Салігорск. Да дэпутатаў парламента звярнуліся з праблемай моўнай дыскрымінацыі

Салігорскі прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага Камітэту Леанід Мархотка звярнуўся да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ад Салігоршчыны з просьбай ініцыяваць унясенне зменаў у моўнае заканадаўства, якія б дазволілі на практыцы забяспечыць баланс выкарыстання дзяржаўных моваў.



belaruskaja_mova_1.jpg

Да свайго звароту правабаронца далучыў даклад аб выкананні правоў беларускамоўных грамадзян у Салігорску, які ўтрымлівае не толькі інфармацыю пра сучасны стан правоў гэтай часткі грамадства, але дае і практычныя рэкамендацыі па выпраўленні сітуацыі, у тым ліку на заканадаўчым узроўні.

Даклад ужо быў разгледжаны ў шэрагу дзяржаўных органаў і устаноў, якія скарэктавалі сваю працу з улікам выкладзеных намі заўваг. Так, Міністэрствам юстыцыі быў прызнаны факт парушэння балансу выкарыстання дзяржаўных моваў. Мінюст нават рэкамендаваў нам звярнуцца з гэтай нагоды ў Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў. Па словах жа яго дырэктара, Цэнтр з'яўляецца навукова-практычнай дзяржаўнай установай, якая забяспечвае падрыхтоўку праектаў заканадаўчых актаў, але не з'яўляецца дзяржаўным органам, і ў гэтай сувязі не надзелены паўнамоцтвамі па правядзенні дзяржаўнай палітыкі і прыняцці нарматыўных прававых актаў, — кажа Леанід Мархотка. — Аднак такімі паўнамоцтвамі надзеленая Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, дэпутатамі якой ад Салігоршчыны з'яўляюцца Яўген Абаленскі і Таіса Данілевіч. У сувязі з гэтым мы накіравалі ім зварот з просьбай разгледзець наш даклад і прыняць меры па ўнясенні адпаведных зменаў і дапаўненняў у нацыянальнае заканадаўства і ў Закон аб мовах у прыватнасці.

Праваабаронца адзначае, што набліжэнне чарговых парламенцкіх выбараў дае большы спадзеў на пазітыўную рэакцыю дэпутатаў на зварот.

spring96.org