«Сэрца пабольвае». Вольга Маёрава піша, што хутка яе будуць судзіць

Зняволеная грамадская актывістка Вольга Маёрава з СІЗА КДБ піша пранізлівыя лісты да сына. Публікуем вытрымкі з іх.

img_1633_1_1_logo.jpg.crdownload

Перапіска ў Вольгі Маёравай, якая ўжо амаль 4 месяцы ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ, вельмі абмежаваная, лісты ад яе даходзяць толькі сыну. У адным з пасланняў Вольга піша, што не мае права паведамляць нешта, што тычыцца следства, але справа паціху ідзе. Яна зазначае, што сыну трэба разлічваць выключна на сябе.
«Я вельмі вінаватая перад табой шмат у чым у гэтым жыцці, з самага твайго дзяцінства. Але ты заўжды быў вельмі добрым і моцным хлопчыкам. Цяпер ты вельмі добры і моцны мужчына. Ты стараешся мне дапамагчы і ў значнай ступені прыстасоўваеш сваё жыццё да майго. Я табе вельмі ўдзячная, але так не павінна працягвацца доўга», — піша Вольга і раіць сыну ўладкоўваць сваё жыццё, не азіраючыся на яе.
Жанчына мяркуе, што чакаць суда ёй засталося нядоўга.
Таксама ў адным з лістоў зняволеная зазначае, што яе непакоіць сэрца.
«Штосьці ў мяне сэрца пабольвае. Сынок, калі што-небудзь здарыцца, то хай табе аддадуць твой вялікі канверт, у якім ты даслаў мне калісьці канверты і сшыткі. У ім ёсць зялёны аркушык з цыдулкай. Трэба, каб ты прачытаў гэтую цыдулку», — піша Вольга.
Але напрыканцы яна дадае, што «ўсё будзе добра».
У лістах яна ўзгадвае паездку ў Будапешт, цікавіцца сваім хворым сабакам, просіць сына наведваць магілы бабулі і дзядулі, даслаць ёй вершы Акуджавы, Ахматавай і Цвятаевай, падрыхтаваць для яе рэчы да наступнага халоднага сезону і далейшага этапавання, а таксама быць здаровым і шчаслівым — «тады і ў мяне ўсё будзе зусім добра».
Вы можаце падтрымаць Вольгу Маёраву, аформіўшы грашовы перавод для аплаты паслуг адваката і перадач на імя яе сына Сяргея Зімава ў аддзяленні пошты па наступных рэквізітах:

photo5386654477366439899.jpg


Нагадаем, грамадская актывістка і экс-кандыдатка ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Вольга Маёрава была затрыманая 4 студзеня. Папярэдне па месцы яе жыхарства, у вёсцы Нача Крупскага раёна, быў праведзены ператрус, у выніку якога супрацоўнікі КДБ забралі з дома тэхніку.
Пакуль дакладна не вядома, у чым абвінавачваюць Вольгу Маёраву, яна праходзіць па справе Мікалая Аўтуховіча.