Сёння дзень народзінаў у палітвязня Змітра Паліенкі

26 мая сацыяльны актывіст Зміцер Паліенка адзначае 23-годдзе. На жаль, адзначаць свята хлопец будзе за кратамі — у бабруйскай калоніі, дзе цяпер Зміцер адбывае пакаранне.

Зміцер Паліенка

Зміцер Паліенка

Павіншаваць яго можна, даслаўшы паштоўку на адрас: Сікорскага 1, ПК-2, атрад 9, г. Бабруйск, 213800, Паліенка Зміцер Аляксандравіч.
Нагадаем, 7 красавіка суд Заводскага раёна г. Мінску адмяніў адтэрміноўку выканання пакарання, прысуджанага актывісту Змітру Паліенку судом Цэнтральнага раёну ў кастрычніку 2016 года.
Нагодай для крымінальнага пераследу стаў удзел Паліенкі ў мірнай акцыі — велапрабегу «Крытычная маса», які адбываўся 29 красавіка мінулага года і быў гвалтоўна спынены міліцыяй.
Такім чынам, з улікам часу ўтрымання пад вартай да суду ў 2016 годзе, актывіст адбыў паўтары гады зняволення. Праваабарончая супольнасць Беларусі прыйшла да высновы, што асуджэнне Зміцера Паліенкі непасрэдна сталася вынікам рэалізацыі ім свабоды мірных сходаў і выказвання меркавання, і кваліфікуе сацыяльнага актывіста як палітычнага зняволенага, патрабуючы ад уладаў яго неадкладнага вызвалення.
У калоніі Зміцер сутыкнуўся з асаблівым стаўленнем — у лісце свайму сябру ён паведаміў пра «жоўтую бірку экстрэміста», якую палітзняволенага прымусілі начапіць на адзенне.
Паводле belsat.eu