Слонімскае ЖКГ прапануе жыхарам спраўляць патрэбу на двары і закопваць

Жыхары вёскі Сурынка ў Слонімскім раёне ўжо месяц дамагаюцца ад мясцовых уладаў рамонту каналізацыі ў шматкватэрным доме. Пакуль усё безвынікова.

img_7637_novyj_razmer_1024x683_640x427.jpg

Праблема пачалася яшчэ ў траўні, калі туалет і ванна ў кватэры Аксаны Ільясавай ў доме па вуліцы Цэнтральнай 54а пачалі запаўняцца фекаліямі, падае «Газета Слонімская».
Жанчына разам з іншымі жыхарамі дому звярнулася ў Слонімскую жыллёва-камунальную гаспадарку з просьбай ліквідаваць праблему. Там ёй парэкамендавалі адрасаваць сваю праблему ў аграгаспадарку.
Аднак сельгаспрадпрыемства не ўзялося дапамагчы людзям, даслаўшы пакутнікаў назад у ЖКГ.
«Яны мне з насмешкай казалі: «Бяры рыдлёўку, капай яму на вуліцы, там спраўляць патрэбу і закопвай», – кажа жанчына.
На пытанне, хто так жорстка над ёй кпіў, спадарыня Аксана не адказала, але таго, што над яе праблемай мясцовая ўлада толькі смяецца, жанчына не хавае.


«Я не магу нават памыць свае рэчы, дастала ўжо ўсё», – кажа спадарыня Аксана.
«Трубы мяняць даўно прыспеў час. Вокны адкрыць нельга, бо мы баімся, што рамы вываляцца. Але да нашых праблемаў няма нікому справы», – заўважаюць вяскоўцы.
Паводле жыхароў, дапамагчы ім ЖКГ не спяшаецца, хаця яны спраўна плацяць за ўсе паслугі і робяць адлічэнні на капітальны рамонт.
Паводле belsat.eu