У беларускіх дзіцячых садках і школах зноў даражэе харчаванне
Харчаванне ў дзіцячых садках і школах Беларусі даражэе другі раз за год, цяпер — яшчэ на 10-40 капеек.
Пра гэта піша gomel.today са спасылкай на Sputnik.
Цяпер за выхаванца санаторнага яслі-саду або санаторнага дзіцячага садка давядзецца плаціць у дзень 5 рублёў 10 капеек (раней 4 рублі 68 капеек). Для тых, хто пражывае на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання, выдаткі павялічыліся з 5 рублёў 3 капеек да 5 рублёў 38 капеек.
Кошт харчавання ў звычайных яслях, яслях-садах, дзіцячых садках, спецыяльных яслях-садках і дашкольных цэнтрах развіцця дзіцяці ўзрасла да 3 рублёў 18 капеек — 4 рублі 6 капеек (раней 2 рублі 94 капейкі — 3 рубля 83 капейкі).
Падаражэла харчаванне навучэнцаў у цэнтрах карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі з працягласцю знаходжання 6-8 гадзін (двухразовае харчаванне), 9-10,5 гадзіны (трохразовае харчаванне), 12-24 гадзіны (чатырохразовае) — у сярэднім на 20-30 капеек.
На 19 капеек, з 2,86 рубля да 3,05 рубля, узраслі выдаткі ў пачатковых школах, базавых школах, сярэдніх школах, гімназіях, ліцэях.
Нагадаем, з 1 траўня ў Беларусі трохі павялічыліся дзіцячыя дапамогі і бюджэт пражытачнага мінімуму. З-за гэтага ва ўстановах адукацыі перагледзелі выдаткі на харчаванне.