У беларускіх радзільнях немаўлятам будуць дарыць «пасаг»
Першыя падарункавыя скрынкі атрымаюць дзеткі, якія з'явяцца на свет у мінскіх радзільнях ў студзені 2019 года.
Традыцыя ўручаць маладым мамам і іх малышам скрынкі з падгузнікамі, адзеннем, цацкамі, першымі сродкамі гігіены для нованароджаных з'явілася ў 1938 годзе ў Фінляндыі і паступова распаўсюдзілася па ўсім свеце. Сёння падобныя праграмы рэалізуюцца больш чым у 80 краінах. У хуткім часе да іх далучыцца Беларусь.
У Беларусі ідэя падарункавых скрынак для немаўлятаў з'явілася каля года таму, калі пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь стартаваў праект «МамаPro» — першая афлайн- і анлайн пляцоўка для ўзаемадзеяння будучых бацькоў і тых, хто ўжо мае дзетак, з вядучымі спецыялістамі сфер аховы здароўя, сацыяльнай абароны і адукацыі.
Першыя падарункавыя скрынкі атрымаюць малыя, якія нарадзіліся ў Мінску ў Новы год, акцыя будзе працягвацца ва ўсіх мінскіх радзільнях ўвесь студзень. У спіс радзільняў ўвайшлі таксама Мінская абласная клінічная бальніца і РНПЦ «Маці і дзіця».
— Скрынкі будуць уручацца маладым мамам пры выпісцы, — удакладняе кіраўнік праекта «МамаPro», лекар акушэр-гінеколаг Дыяна Мардас. — За год працы нашага праекта мы сабралі вакол сябе тысячы бацькоў, якія з'яўляюцца нашым натхненнем і крыніцай новых праектаў. Раіцца з імі будзем і ў гэты раз — на нашым сайце mamapro.by мы збіралі водгукі мам, каб сапраўды адгадаць, што б ім хацелася ўбачыць у скрыні, таксама разам са скрынкай сям'я будзе атрымліваць невялікую анкету, дзе зможа ацаніць змесціва, магчыма, даць свае рэкамендацыі — для нас вельмі важна меркаванне кожнай мамы! Мы вельмі ўдзячныя падтрымцы, якую нам аказвае Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, нашы праекты заўсёды падтрымліваюць Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.
Арганізатары адзначаюць, што ўвасабленне гэтай ідэі не запатрабуе бюджэтнага фінансавання — падарункавыя скрынкі для немаўлятаў сфарміраваны пры падтрымцы цэлага шэрагу брэндаў-партнёраў праекта. Шырокую падтрымку праекту аказалі і знакамітыя беларускія мамы, якія дапамогуць развесці скрынкі шматдзетным сем'ям або ў дамы малюткі. Ці будзе праект рэалізоўвацца далей, пакажа водгук саміх бацькоў у студзені.
Дарэчы, па дадзеных Міністэрства аховы здароўя, у 2017 годзе ў Беларусі нарадзілася 102 556 чалавек — 52 712 хлопчыкаў і 49 844 дзяўчынкі. Рэкордным па колькасці нованароджаных за апошнія 20 гадоў быў 2015 год — тады на свет з'явілася 119 506 дзяцей.
Паводле прэс-рэліза