У кафэ можа вярнуцца пластыкавы посуд

У кафэ могуць вярнуцца пластыкавыя кубачкі ад 300 мл, трубачкі для напояў і пластыкавыя кантэйнеры. Скараціць спіс забароненага «пластыку» павінна пастанаўленне Саўміна, праект якога цяпер вынесены на грамадскае абмеркаванне.

170629_better_beer_main_art_se_327p_0be6654ec7550ebeb7541573fb19d3d7.jpg


У цяперашні час кафэ не могуць прапаноўваць гасцям пластыкавыя відэльцы, лыжкі, нажы, палачкі для размешвання, кубкі, талеркі, трубачкі для напояў, а таксама ўпакоўкі для харчовых прадуктаў (кантэйнеры, латкі, скрынкі, ланч-боксы, корэксы, слоікі, бутэлькі), за выключэннем упакоўкі для кулінарных паўфабрыкатаў і кандытарскіх вырабаў, перадае Еўрарадыё.

Цяпер упакоўкі, а таксама кубкі ад 300 мл і трубачкі для напояў прапануюць прыбраць з пераліку «забароненага».

Гэта робіцца для таго, каб дапамагчы грамхарчу «папярэдзіць рост цэн на прадукцыю грамадскага харчавання», гаворыцца ў абгрунтаванні пастановы. Справа ў тым, што шэраг пазіцый з экаматэрыялаў у Беларусі не выпускаюць. А таго, што выпускаюць, на ўсіх не хапае.

Акрамя таго, кошт упакоўкі з экаматэрыялу атрымліваецца ў разы большым, чым з пластыка. Да прыкладу, калі трубачка з пластыка каштуе 0,69 капеек, то з паперы — ужо 5,6 капеек. Талерка з пластыка абыдзецца агульнахарчу ў 4,8 капеек, а з крухмалу і цукровага трыснягу — ужо ў 16 капеек.

«Улічваючы вышэйпададзенае, увядзенне поўнай забароны на выкарыстанне і продаж у аб’ектах грамадскага харчавання аднаразовага пластыкавага посуду можа прывесці да пагаршэння якасці абслугоўвання спажыўцоў, росту цэн і сыходу з рынку суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва», — палічылі ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю. І прапанавалі скарэктаваць спіс забароненага пластыка.

Абмеркаванне праекта пастановы працягнецца да 14 траўня.