У Мінску затрыманы намеснік генеральнага дырэктара БелАЗа

У Мінску за хабар затрыманы намеснік генеральнага дырэктара ААТ "БелАЗ" па фінансавай і эканамічнай палітыцы, паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

dollars_2439136_1280.jpg


Кіраўнік быў затрыманы 4 ліпеня з доказамі злачынства супрацоўнікамі ГУБАЗіК МУС і Следчага камітэта, паведамляе belapan.com.
Прадстаўнік сталічнай камерцыйнай структуры перадаў намесніку гендырэктара БелАЗа 1200 долараў ЗША за спрыяльнае вырашэнне пытання аб першачарговай аплаце пастаўленай у адрас завода партыі металу.
Падчас далейшых аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў 5 ліпеня былі затрыманыя начальнік бюро і эканаміст ААТ "БелАЗ", якія з 8 чэрвеня па 4 ліпеня таксама атрымлівалі хабар ад прадстаўнікоў згаданай фірмы ў якасці падзякі за станоўчае вырашэнне пытання аб заключэнні дамоваў на пастаўку металу.
Следчыя ўстанавілі, што незаконная схема дзейнічала з восені мінулага года — з моманту ўтварэння камерцыйнай структуры. Метал для патрэб ААТ "БелАЗ" закупляўся па цэнах вышэй за рынкавыя. За гэта прадстаўнікі прадпрыемства сістэматычна атрымлівалі хабар. Іх памер складаў пэўны адсотак ад сумы здзелкі.
На сёння, па матэрыялах ГУБАЗіК, затрыманыя шасцёра ўдзельнікаў злачыннай групы: трое службовых асоб ААТ "БелАЗ" і трое прадстаўнікоў фірмы. Галоўнае следчае ўпраўленне цэнтральнага апарата СК Беларусі ўзбудзіла справы па артыкуле 430 Крымінальнага кодэкса (атрыманне хабару), які прадугледжвае максімальнае пакаранне 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, і па артыкуле 431 КК (дача хабару), які прадугледжвае да сямі гадоў пазбаўлення волі.
Следства наклала арышт на маёмасць, якая належыць фігурантам: шэсць аўтамабіляў прэміум-класа, грошы і каштоўнасці, сем аб'ектаў нерухомасці.
Праводзяцца аператыўна-следчыя мерапрыемствы па ўсталяванні і дакументаванні ўсёй злачыннай дзейнасці затрыманых асоб.