У Варшаве абрабавалі беларускі бар. Скралі грошы і віскі
Знакаміты сярод беларусаў у Варшаве «эмігранцкі» бар Karma абрабавалі. Але за пару гадзін беларусы сабралі грошы, каб яму дапамагчы.
Невядомыя ачысцілі касу і вынеслі некалькі бутэлек віскі. Гэта здарылася яшчэ 4 студзеня. Аднак пра рабаванне распавялі ў афіцыйным акаўнце бара ў Instagram вечарам 5 студзеня, піша M*ST.
Невядомыя разбілі шкло ў дзверы і трапілі ў памяшканне бара.
«Учора ўвечары некалькі рабаўнікоў праніклі ў наш бар праз шкляныя дзверы — яны разбілі шкляную панэль, каб патрапіць унутр, скралі 500 злотых з касы і некалькі бутэлек віскі, пасля чаго схаваліся. Мы адразу ж звярнуліся ў паліцыю», — гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным у Instagram-акаўнце.
Пост быў з фотаздымкамі, а таксама з просьбай аб дапамозе.
«Як вы, напэўна, ужо ведаеце, мы будуем новае памяшканне наверсе — вялікая частка нашых рэсурсаў накіраваная на гэта. У дадатак да ўсяго, «Карме» прыйшлося за свой кошт замяніць амаль усю праводку ў бары, хоць грошы на гэта павінны былі паступіць з муніцыпальнага бюджэту. Так што так, гэта было вельмі няпроста. І паколькі цяпер зіма, мы не можам працаваць у поўную сілу. Каб паправіць вокны і пакрыць страты, нам трэба 2000 злотых. Калі вы можаце ахвяраваць любую суму грошай — нават 5-10 злотых — мы будзем вам вельмі ўдзячныя».
Адметна, што за некалькі гадзін бар здолеў сабраць патрэбныя 2000 злотых. Пасля гэтага пост аб рабаванні быў выдалены, а ў сторыс з'явіліся словы падзякі.
Karma ў эміграцыі
Упершыню бар Karma адкрыўся ў Мінску пяць гадоў таму, аднак пасля выбараў 2020 года яго ўладальнікі з'ехалі з Беларусі. Заснавальнікі сутыкнуліся з рэпрэсіямі і вайной, ім давялося пераязджаць з краіны ў краіну, каб займацца любімай справай.
У 2021 годзе яны адкрылі бар у Кіеве, а калі расійская армія ўварвалася ва Украіну, беларусы апынуліся ў Польшчы. У 2022 годзе пачалася гісторыя варшаўскага бара Karma.
— Цяпер гэта мігранцкі бар, мы прымаем тут усіх, хто падзяляе нашы каштоўнасці. Тут па-ранейшаму ёсць месца мастацтву, музыцы, татуіроўкам, тут пануе пэўны дух свабоды і дэмакратыі, якога на радзіме мы былі пазбаўленыя. А яшчэ Польшча падарыла нам мір, гэта мірная краіна, — распавядаў саўладальнік бара Глеб Кавалёў.