У Беларусь ізноў прыехалі ўкраінскія заўзятары
Сёння на “Барысаў-Арэне” сустракаюцца БАТЭ і данецкі “Шахцёр”. Паведамляе Еўрарадыё.
![1_reu_soccer_euro_0091.jpg 1_reu_soccer_euro_0091.jpg](/img/v1/news/full/1_reu_soccer_euro_0091.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Матч групавога этапу Лігі чэмпіёнаў пачнецца ў 21.45, прамая трансляцыя на канале “Беларусь 2”. “Шахцёр” прыляцеў у Мінск вечарам 19 кастрычніка, галоўны трэнер Мірча Лучэску на перадматчавай прэс-канферэнцыі заявіў, што барысаўскі клуб сёння мацнейшы за нацыянальную зборную Беларусі. А таму матч будзе яшчэ больш напружаным, чым сустрэча зборных Беларусі і Украіны. БАТЭ зараз апярэджвае “Шахцёр” у турнірнай табліцы на адно ачко.
Тым часам беларуская міліцыя напярэдадні паведаміла, што збіраецца суправаджаць арганізаваныя групы украінскіх заўзятараў, каб пазбегнуць правапарушэнняў. Папярэдні прыезд украінскіх заўзятараў у нашу краіну для некаторых з іх скончыўся затрыманнямі, судамі і штрафамі.