У падтрымку Мінскага гей-прайда 2013 над Амбасадай Вялікабрытаніі лунаў вясёлкавы сцяг

Беларускія ўлады зрываюць адно за адным мерапрыемствы ў межах праграмы Мінскага гей-прайда 2013, міліцыя страшыць ЛГБТ-актывістаў, але заходнія палітыкі як ніколі актыўна дэманструюць сваю салідарнасць з беларускім праваабарончым ЛГБТ-рухам.



viasiolkavvy_sciah_nad_ambasadaj.jpg

Вясёлкавы сцяг над Амбасадай Вялікабрытаніі

У суботу, 7 снежня, над Амбасадай Вялікабрытаніі ў Мінску, якая месціцца на вуліцы Карла Маркса, побач са сцягам Вялікабрытаніі і Еўрапейскага Саюзу з’явіўся шасцікаляровы вясёлкавы сцяг, сусветны сімвал руху за правы ЛГБТ-супольнасці. Таксама сцяг лунаў і 8 снежня.

Трэба адзначыць, што Амбасада Вялікабрытаніі месціцца ў некалькіх сотнях метраў ад рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі, вядомага не вельмі талератнымі выказваннямі ў бок ЛГБТ-супольнасці.

Таксама арганізатары Мінскага гей-прайда атрымалі прывітальны ліст ад амбасадара Вялікабрытаніі сп. Бруса Бакнэла.

“Як чалец Еўрапейскага Саюза, Вялікабрытанія была і застаецца краінай, якая падтрымлівае правы чалавека ва ўсіх формах і праявах, у тым ліку грамадзянскія правы і свабоды. Канцэпцыя свабоды слова і сходаў з'яўляецца адной з ключавых для Вялікабрытаніі, роўна як і ўніверсальны характар правоў чалавека. Мы перакананыя, што абавязкам дзяржавы з'яўляецца захаванне правоў чалавека незалежна ад асаблівасцяў яе палітыкі, эканомікі і культуры”, — піша ў сваім лісце сп. Брус і дзякуе за запрашэнне на мерапрыемствы дзявятага праваабарончага ЛГБТ-форуму “Мінск Прайд”.

GayBelarus.By