У суботу ў Мінску плануецца чарговая вулічная акцыя апазіцыі
Прадстаўнікі апазіцыі распаўсюдзілі адмысловы зварот з нагоды акцыі 10 кастрычніка. Заяву падпісалі Мікалай Статкевіч, Анатоль Лябедзька, Уладзімір Някляеў.
«Вашай агульнай воляй, рашучасцю, з якой збіраліся вы не з ласкі ўладаў, а паводле права, дадзенага Канстытуцый, на мітынгі і сходы на плошчы Свабоды, вы вярнулі свабодзе яе прастору! Гэтую прастору свабоды мы ўсе разам павінны захаваць і пашырыць для нашай далейшай барацьбы за незалежную, дэмакратычную, мірную Беларусь!» — гаворыцца ў тэксце.
Лідары апазіцыі заклікаюць прыходзіць на сход «Уладу — Народу!», каб падвесці вынікі «выбараў» і вырашыць, «як дзейнічаць далей, каб вярнуць народу ўладу, якую ў яго ўкралі разам з выбарамі».
Палітыкі просяць прыходзіць з нацыянальнымі сцягамі і стужкамі, крэатыўнымі плакатамі і ў вышыванках.
Збор прызначаны ў Мінску на плошчы Свабоды 10 кастрычніка а 17.00.