Незалежныя прафсаюзы мітынгавалі за прыстойныя ўмовы працы (+фота)

7 кастрычніка прафсаюзы адзначалі Сусветны дзень за годную працу. Не абышла гэтая дата і Беларусь. Арганізацыі, якія ўваходзяць у Беларускі кангрэс незалежных прафсаюзаў (БКДП), правялі ў Мінску дазволены ўладамі мітынг у Парку Дружбы народаў.



Падавалася, што лозунгі, пад якімі праходзіла імпрэза — “Разам за годную працу, разам за годнае жыццё!”, “Хто спыніць рост коштаў?”, “Не — збядненню народа!”, “Кантракт — удаўка для працоўных”, “Еўрапейскім коштам — еўрапейскія заробкі і пенсіі” — мусілі б сабраць на мітынг процьму людзей. Аднак колькасць удзельнікаў не перавышала некалькіх дзясяткаў. І гэта сумна.

Тым не менш, арганізатары акцыі былі настроеныя вельмі аптымістычна. Па іх словах, галоўнае — не колькасць удзельнікаў, але сам пасыл, які мусіў дайсці да ўладаў і да працоўнага люду. Сярод выступоўцаў былі кіраўнік БКДП Аляксандр Ярашук, старшыня прафсаюза радыёэлектронанй прамысловасці Генадзь Фядыніч, лідар Свабоднага прафсаюза металістаў Аляксандр Бухвостаў ды іншыя дзеячы прафсаюзнага руху ды проста рабочыя, настаўнікі — карацей, людзі, чые імёны не вядомыя шырокаму колу. За акцыяй назіралі лідары Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін, але слова для прамоваў не бралі.

Усе выступоўцы наракалі на істотнае пагаршэнне ўмоваў працы, на рост беспрацоўя, на бязлітасную кантрактную сістэму. Адзін з актывістаў прафсаюза РЭП Рыгор Грык нават прыйшоў на акцыю ў паласатай робе вязня канцлагера. “Улады робяць з працоўных сапраўдных рабоў ці вязняў, і гэта не павінна доўга працягвацца. Мы вартыя годных умоваў працы і годнага стаўлення да сябе з боку дзяржавы”, — падкрэсліў ён, трымаючы ў руках жоўта-блакітны сцяг.

Малады настаўнік з рэгіёна Вадзім казаў пра тое, што ягоныя калегі  мусяць займацца справамі, якія не тычацца непасрэдна выкладання ў школах: іх прымушаюць працаваць у выбарчых камісіях, збіраць подпісы за дзеючага кіраўніка дзяржавы.

Як заявіў Генадзь Фядыніч, цяперашняя ўлада не здольная вывесці Беларусь з крызісу. “Яна не здольная пабудаваць сацыяльную эканоміку, пра якую казалася 20 гадоў. Сёння людзі працуюць больш, а зарабляюць менш, яны прыхопліваюць працоўныя суботы, застаюцца працаваць і пасля змены, каб зарабіць 5 мільёнаў, і гэта ў сталіцы. Ужо зачыняюцца нават прадуктовыя крамы, бо людзі не купляюць тых прадуктаў, якія набывалі раней”, — канстатаваў прафсаюзны лідар. 

Пры канцы акцыі яе ўдзельнікі прынялі рэзалюцыю, у якой, у прыватнасці, запатрабавалі выпрацоўкі новага эканамічнага курса, здольнага забяспечыць рашэнне праблем занятасці, стварэння новых працоўных месцаў, мадэрнізацыі вытворчасцяў, істотнага павышэння заробкаў і прыбыткаў працоўных, а таксама гарантавання бяспекі ўмоваў працы.

Фота аўтара