Сёння ў Мінску пройдзе акцыя пратэсту супраць расійскай авіябазы ў Беларусі

Шэраг палітыкаў і лідараў грамадскіх арганізацый клічуць беларусаў прыйсці а 17-ай гадзіне на плошчу Свабоды.



aviabaza_2709.jpg

Фота: bobruisk.ru

"Дамова аб размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі расійскай ваеннай базы можа быць падпісана ў бліжэйшым часе. Гэта згубны крок, які можа прывесці да страты незалежнасці Беларусі. Гэта здрада нашым нацыянальным інтарэсам, здрада народу і краіне", — сказана ў заяве над назвай "За Беларусь без чужых вайсковых баз".

Заяву падпісалі былыя кандыдаты ў прэзідэнты Уладзімір Някляеў і Мікалай Статкевіч, старшыня АГП Анатоль Лябедзька, старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч, намеснік старшыні руху "За свабоду" Юрась Губарэвіч, старшыня руху салідарнасці "Разам" Вячаслаў Сіўчык, актывіст грамадзянскай ініцыятывы "Беларускі рух" Вацлаў Арэшка.

Далучыцца да заявы далі згоду таксама сустаршыня аргкамітэту БХД Павел Севярынец і актывісты "Маладога фронту", прадстаўнікі беларускай жаночай партыі "Надзея".

Падпісанты заявы лічаць, што разьмяшчэнне на тэрыторыі Беларусі іншаземнай вайсковай базы супярэчыць 18 артыкулу Канстытуцыі Беларусі, паводле якой Беларусь імкнецца да нейтралітэту. Паводле аўтараў ініцыятывы, Аляксандар Лукашэнка"не з'яўляецца легітымным прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, не мае права падпісваць дакументы і прымаць рашэнні, якія вызначаюць лёс беларускага народа".

Як паведаміла Радыё Свабода, тэкст заявы "За Беларусь без чужых вайсковых баз" будзе змешчаны ў інтэрнэце і дасланы ў дзяржаўныя ўстановы, у тым ліку ў Мінабароны і Адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі.

eurobelarus.info