Улады абвінавацілі салігорскую арганізацыю ТБМ у пазастатутнай дзейнасці

Спробу Салігорскай гарадской арганізацыі “Таварыства беларускай мовы” адзначыць Дзень Волі мясцовыя ўлады ацанілі як пазастатутную дзейнасць.



tbm.jpg

Яшчэ напачатку сакавіка сябры салігорскай суполкі ТБМ, а таксама прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі ды іншых арганізацый, звярнуліся да старшыні Салігорскага райвыканкаму Аляксандра Рымашэўскага з прапановай аб адзначэнні 95-х угодкаў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Прадстаўнікі грамадскасці прасілі ва ўладаў невялікую залу для правядзення мерапрыемства з гэтай нагоды. Як паведамляе сайт САЛІГОРСК.org, у звароце таксама выказвалася жаданне аб прысутнасці на сустрэчы і прадстаўнікоў мясцовай улады.

Просьбу аб прадстаўленні памяшкання для сходу з нагоды Дня Волі чыноўнікі не задаволілі. Больш за тое, старшыня Салігорскага райвыканкаму ў сваім адказе вырашыў нагадаць, што “дзейнасць Салігорскай гарадской арганізацыі грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” павінна ажыццяўляцца згодна Статуту аб’яднання”.

З адказу галоўнага чыноўніка раёну вынікае, што спроба ТБМ адзначыць 95-я ўгодкі з дня абвяшчэння БНР не трапляе пад статутную дзейнасць і не з’яўляецца “культурна-асветніцкай дзейнасцю ў сферы захавання, адраджэння і папулярызацыі беларускай мовы і беларускай нацыянальнай культуры”.

spring96.org