Уладзімір Яроменак атрымаў тры месяцы арышту

Да трох месяцаў арышту прыгаварыў суддзя Першамайскага раёна Мінска Леанід Ярмоленкаў актывіста зарэгістраванага ў Чэхіі «Маладога фронту», палітвязня, дзельніка «Плошчы–2010» Уладзіміра Яроменка.  



u_czakanni.jpg

Уладзімір Яроменак разам з жонкай у чаканні прысуда

Зранку 20 жніўня пракурор і адвакат абмяняліся рэплікамі, а потым Уладзімір Яроменак скарыстаўся сваім правам на апошняе слова. Маладафронтавец не прызнаў сябе вінаватым. Ён адзначыў, што, паколькі ягоныя сваякі пражываюць у Віцебскай вобласці, то ён проста быў абавязаны іх наведваць, тым больш што ў яго была вельмі хворая бабуля, якая нядаўна адышла ў іншы свет. Па словах Уладзіміра, пра тое, што сваякі для яго на першым месцы, ён казаў супрацоўнікам праваахоўных органаў, калі яго знаёмілі з умовамі прэвентыўнага нагляду. 

Дзяржаўны абвінаваўца пацвердзіла сваю пазіцыю наконт таго, што крымінальная справа адносна Яроменка была ўзбуджаная ў поўнай адпаведнасці з дзейным заканадаўствам. У сваю чаргу, абаронца яшчэ раз звярнула ўвагу суддзі на той факт, што справа супраць Уладзіміра была заведзеная 24 мая, а паведамілі пра гэта Яроменку толькі ў сярэдзіне ліпеня, прычым акурат у дзень, калі маладзён вянчаўся з сваёй жонкай.

Апроч таго, нагадала адвакат, пратаколы, на падставе якіх была ўзбуджаная справа, былі зарэгістраваныя толькі 27 мая, то бок трыма днямі пазней, што з’яўляецца сур’ёзным парушэннем Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Таму абаронца заклікала суд спыніць справу і апраўдаць яе манданта. 

Пасля 20-хвіліннага перапынку суддзя Ярмоленкаў абвясціў вердыкт: тры месяцы арышту. Хоць пракурор прасіла адправіць Яроменка ў арыштны дом на шэсць месяцаў. Цяпер Уладзімір цягам дзесяці дзён можа абскардзіць прысуд у Мінскім гарадскім судзе праз суд Першамайскага раёна сталіцы, што ён і збіраецца зрабіць. Меру стрымання для асуджанага пакінулі ранейшую — падпіску аб нявыездзе.   

Сам Уладзімір заявіў пасля агалошвання выраку, што не збіраецца спыняць сваёй грамадскай дзейнасці, і прысуд ніяк не паўплывае на яго паводзіны, хаця адмоўна адаб’ецца на яго планах. Яроменак планаваў у верасні паехаць вучыцца, але пасля такога вердыкту ён будзе вымушаны адкласці свае планы на наступны год. Незалежныя назіральнікі і праваабаронцы назвалі справу Уладзіміра Яроменка палітычнай. 

Нагадаем: Уладзімір Яроменак у 2011 годзе быў асуджаны на тры гады пазбаўлення волі за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, якая адбылася ў Мінску 19 снежня 2010 года. Маладзёну інкрымінавалі ўдзел у масавых беспарадках. 13 жніўня 2012 года Яроменак быў датэрмінова вызвалены пасля ўказу прэзідэнта аб памілаванні. У дачыненні да маладзёна быў усталяваны прэвентыўны нагляд.