Урад Беларусі павінен выказацца супраць агрэсіўнай палітыкі Расіі

Урад Беларусі павінен выказацца супраць агрэсіўнай палітыкі Расіі ў адносінах да братняга ўкраінскага народу. З такім патрабаваннем да кіраўніцтва Беларусі выступіла грамадзянская ініцыятыва «Рада беларускай інтэлігенціі» у сваім звароце да беларускай грамадскасці ад 2 сакавіка.



russia_ukraine_war_sevastopol_crimea.jpg

У звароце, між іншым, адзначаецца, што “незалежнасць Украіны, свабода нашых братоў-украінцаў пад пагрозай. Дазвол Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі на выкарыстанне расійскіх узброеных сіл на тэрыторыі Украіны нясе вялікую небяспеку ўсім народам Еўропы”.

Прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі выказалі “рашучы пратэст супраць спробаў узброенага ўмяшальніцтва Расіі ва ўнутраныя справы Украіны” і патрабавалі ад кіраўніцтва Расіі “адмовіцца ад сваіх імперскіх дамаганняў і тэрмінова адклікаць сваіх вайскоўцаў з украінскай тэрыторыі”.


Рада беларускай інтэлігенцыі прапануе ўсім, хто салідарны з гэтым зваротам, далучацца да яго.
Сярод 25 падпісантаў звароту – мастакі Міхал Анемпадыстаў, Генадзь Драздоў і Аляксей Марачкін, філолаг Алена Анісім, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, літаратары Лявон Баршчэўскі і Арсень Ліс, журналісты Сяргей Ваганаў, Анатоль Гуляеў, Святлана Калінкіна і Аляксей Кароль, паэты Анатоль Вярцінскі і Сяргей Законнікаў, акадэмік Радзім Гарэцкі, эканаміст Леанід Злотнікаў, кінарэжысёры Уладзімір Колас і Юры Хашчавацкі, фотамастак Георгій Ліхтаровіч, пісьменнікі Уладзімір Содаль і Эрнэст Ялугін, мастацтвазнаўца Наталля Сцяжко, настаўнік Аляксандр Сідзяка, сцэнарыст Уладзімір Халіп.