Ва Украіне затрымалі сям'ю, якая можа мець дачыненне да забойства Шарамета

Уладзіслаў Грышчанка (пазыўны "Буча") быў затрыманы 24 верасня, а яго жонка Ірына (пазыўны "Пума") — 5 лістапада, пиша «Еўрарадыё».

szaramiet_0811_2.jpg


Ва Украіне Нацыянальная паліцыя затрымала мужа і жонку — добраахвотнікаў з батальёна "Правы сектар". Паводле звестак выдання "Украінская праўда", яны могуць мець дачыненне да забойства журналіста Паўла Шарамета.

Уладзіслаў Грышчанка (пазыўны "Буча") быў затрыманы 24 верасня, а яго жонка Ірына (пазыўны "Пума") — 5 лістапада.

Суд арыштаваў іх на час расследаваньня іншай справы, пачатай у ліпені 2018 года: Грышчанкаў падазраюць у замаху на забойства і неасцярожных паводзінах са зброяй. Паводле інфармацыі следства, якую пераказвае "Украінская праўда", Грышчанкам і іх знаёмаму Івану Вакуленку замовілі забойства жыхара Івана-Франкоўскай вобласці. Паведамляецца, быццам яны зрабілі выбуховае прыстасаванне і прымацавалі яго да машыны ахвяры ў горадзе Косаве 13 ліпеня 2018 года. Аднак выбуху не адбылося, бо мужчына сам заўважыў выбуховае прыстасаванне.

Няўдалы замах, як пішуць журналісты, быў зроблены на 61-гадовага Міхаіла Чакурака. Цяпер яго таксама судзяць за напады, рабаванне і падрыў будынку.

Пасля арышту мужы Ірына Грышчанка пісала ў сацсетках, што яго справу перадалі ў Кіеў з фармулёўкай "у сувязі з датычнасцю да іншых злачынстваў". Яна заявіла, што на Уладзіслава "вешаюць" не толькі замах на Чакурака, але і на журналіста Паўла Шарамета.

Адвакат Ірыны Грышчанка Масі Наем кажа, што ў дакументах справы няма эпізодаў, звязаных з Шараметам.

Нагадаем, што ураджэнец Беларусі, 44-гадовы журналіст Павел Шарамет загінуў у цэнтры Кіева 20 ліпеня 2016 года. Аўтамабіль, у якім ён ехаў, узарваўся. Пазней высветлілася, што пад яго была падкладзеная мадыфікаваная мадэль супрацьпяхотнай міны Мон-50.

euroradio.fm