Васіль Хамутоўскі: «У людзей адбыўся пералом у свядомасці. Практычна ніхто не верыць, што Лукашэнка выйграў выбары»

«Ведаеце, у чым сіла духу народа Беларусі? Людзі не адказваюць сілай», — вядомы беларускі футбольны трэнер Васіль Хамутоўскі падзяліўся меркаваннем пра пратэсты ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў, піша Tribuna.com



Фота sport.tut.by

Фота sport.tut.by

«У мяне няма адчування, што пратэст саслаб, што народ упусціў шанец. Нельга доўга ўтрымліваць уладу толькі з дапамогай сілавікоў і свайго партактыву з ідэолагамі, калі практычна ўся краіна супраць.

У краіне ёсць невялікі працэнт людзей, якія давяраюць карцінкам на дзяржканалах і не вераць у рэальнасць таго, што адбываецца за акном сваёй кватэры ці дома. Але іх становіцца ўсё менш. Нават калі ўсю краіну запалохаць і загнаць на кухню, гэта нічога не дасць. У людзей ужо адбыўся пералом у свядомасці. Па-мойму, у нас практычна ніхто не верыць, што Лукашэнка выйграў выбары. А пра 80 працэнтаў набраных ім галасоў прывяду словы расійскага рэжысёра Карэна Шахназарава: «Трэба адпусціць усіх палітычных зняволеных і правесці новыя выбары. І Лукашэнка можа ў іх удзельнічаць. Яму няма чаго баяцца: калі ён сапраўды выйграў з 80% галасоў, ён выйграе зноў. Па-іншаму крызіс не вырашыць». Ад сябе дадам: на выбары неабходна запрасіць назіральнікаў з Расіі і Еўропы, каб ні ў каго не было пытанняў.

Хачу аднаго: каб выбары прайшлі адкрыта і празрыста. А каго выберуць, таго і прызнаю. Гэта выбар народа маёй краіны.

Святлана Ціханоўская не раз афіцыйна заяўляла, што яна тэхнічны кандыдат — пасля перамогі на выбарах прэзідэнта яна абяцала выпусціць палітвязняў і абвясціць новыя прэзідэнцкія выбары. Вернуцца ў краіну людзі, якіх рэжым вымусіў з'ехаць. Спадзяюся, яшчэ можна будзе аднавіць IT-сектар.

Упэўнены: калі ў Беларусі наступіць новы крызіс, народ больш не дапусціць дыктатуры і свайго бяспраўя. Хто знаёмы з сітуацыяй у нашай краіне знутры, ведае: людзі аб'яднаныя. Пытанне толькі ў часе.

Ведаеце, у чым сіла духу народа Беларусі? Людзі не адказваюць сілай. Тады б яны далі законныя падставы рэжыму на такі ж адказ. Цяпер жа людзі ў балаклавах і без знакаў адрознення, якія збіваюць свой народ, выглядаюць як бандыты са злачыннай групоўкі. І самае цікавае і нечаканае для мяне: людзі ўсё роўна шукаюць новыя мірныя формы пратэсту супраць рэжыму і гвалту сілавікоў.

Народ ужо не забудзе і не даруе. За гэтыя месяцы сфарміравалася грамадзянская супольнасць, якая паважае сябе і гатовае дапамагаць кожнаму, хто пацярпеў», — сказаў Хамутоўскі.