Спыняе існаванне футбольны клуб «Смалявічы», той жа лёс можа напаткаць «Гарадзею»

Спыняе існаванне футбольны клуб «Смалявічы», які летась пакінуў эліту беларускага футбола. Пра гэта стала вядома па выніках сустрэчы яго кіраўніцтва і мясцовых уладаў,

smolevichi_gorodeya_1.jpg


Галоўная прычына знікнення «Смалявічаў» — адсутнасць неабходнага фінансавання. У лепшым выпадку каманда згуляе ў другой лізе нацыянальнага чэмпіянату, але ўжо яе аматарскі клуб. Трэнеры, футбалісты, персанал ФК «Смалявічы» атрымалі працоўныя кніжкі яшчэ ў снежні 2020-га, паведамляе Еўрарадыё.

Футбольны клуб у Смалявічах існуе з 1990-х. Спачатку гэта быў «Вігвам», з 2011-га — «Смалявічы-СТІ», з 2018-га — «Смалявічы». Каманда ўпершыню згуляла ў вышэйшай лізе ў 2018-м і ў тым жа сезоне развіталася з элітай. У 2020 годзе «Смалявічы» зноў згулялі ў вышэйшай лізе, але зноў няўдала.

Такі ж лёс можа напаткаць і «Гарадзею». Першыя трывожныя весткі прыйшлі яшчэ год таму, калі быў затрыманы дырэктар цукровага камбіната Міхаіл Крыштаповіч. І зусім хутка «Гарадзея» стала на ўсю моц падаваць сігнал «SOS». Сезон худа-бедна завяршыла, але пасля заканчэння чэмпіянату цукровы камбінат выйшаў з кампаніі заснавальнікаў мясцовага ФК. Менавіта завод быў генеральным спонсарам «Гарадзеі» і напаўняў яе бюджэт ледзь не цалкам. Былі спробы хоць неяк падоўжыць існаванне ўжо без камбіната, але pressball.by мяркуе, што ў «Гарадзеі» проста не атрымаецца падрыхтаваць да 18 лютага дакументы для ліцэнзавання.