Віцебскія актывісты праз суд дамагаюцца выканання ўмовы атрымання дазволу на мітынг

Заява ў Кастрычніцкі суд была напісана з тае нагоды, што Віцебская гарадская паліклініка адмовілася заключыць дамову на абслугоўванне масавага мерапрыемства — мітынгу да Дня Волі. Гэтую адмову старшыня віцебскай арганізацыі руху "За Свабоду" лічыць беспадстаўнай.



vitebsk_zhalapau.gif

Хрыстафор Жаляпаў

Спадар Хрыстафор Жаляпаў просіць Кастрычніцкі райсуд прымусіць лекараў заключыць дамову на абслугоўванне масавай акцыі 25 сакавіка. Наяўнасць дамоваў са структурамі ЖКГ, міліцыяй і паліклінікай — гэта галоўная ўмова атрымання дазволу на правядзенне масавых мерапрыемстваў ад раённых адміністрацый. Гэтае патрабаванне замацавана ў адпаведным рашэнні Віцебскага гарвыканкаму, але выканаць яго на працягу апошніх некалькіх год аказалася немгчымым.

То адна, то другая служба адмаўляецца заключыць дамовы з актывістамі на розных падставах. Сёлета ўжо атрыманая адмова ад лекараў. Яе заяўнік Хрыстафор Жаляпаў лічыць беспадстаўнай, бо ў адпаведнасці з Грамадзянскім Кодэксам РБ асобныя службы, у тым ліку медычныя ўстановы абавязаныя заключаць з грамадзянамі дамовы на камерцыйнай аснове, і адмовы ў дадзеным выпадку недапушчальныя. Актывісты лічаць іх палітычна матываванымі і звяртаюцца ў суд, каб абараніць сваё права на публічнае выказванне ўласных думак і меркаванняў. У адпаведнасці з п.4 арт. 415 ГК Рэспублікі Беларусь суд можа змусіць да заключэння дамовы, калі адзін з бакоў ухіляецца ад гэтага.

Каб атрымаць дазвол да 25 сакавіка, Жаляпаў звярнуўся да лекараў загадзя — яшчэ 25 студзеня. 11 лютага атрымаў адмову. Дата судовага разбіральніцтва па ягонай апошняй заяве наконт прымусовага заключэння дамовы пакуль невядомая.
 

spring96.org