Вынікі сумнеўныя: колькі ўлады выдаткавалі на праект «Электронная школа»

Сярэдняя адукацыя так і засталася «далічбавай». А між тым, на праект "Электронная школа" вытаткавана шмат бюджэтных грошай, паведамляе «Еўрарадыё».

esch.jpg


З надыходам 2021-га скончыўся тэрмін дзеяння дзяржаўнай праграмы развіцця лічбавай эканомікі і інфармацыйнага грамадства. Да 2020-га ўключна была разлічана і канцэпцыя інфарматызацыі сістэмы адукацыі, зацверджаная яшчэ пазамінулым кіраўніком ведамства — Сяргеем Маскевічам.

Сёння ўзровень «айцішнасці» беларускіх школ выклікае абгрунтаваны скепсіс, пры гэтым на «электронную школу» былі выдаткаваныя вялікія грошы.

Еўрарадыё паглядзела, колькі пайшло на праект толькі за 2020 год. Спойлер: вельмі шмат.

 

Сотні тысяч — на камп'ютары

У 2020-м улады правялі адразу некалькі тэндараў у рамках рэалізацыі праграмы «Электронная школа». Вялікая частка сродкаў выдаткавана на закупку камп'ютараў.

Агульная сума затрат — больш за 6,5 мільёна рублёў. Пры гэтым камп'ютары закупляліся і ўсе папярэднія гады, але ў другой палове 2020-га чамусьці чыноўнікі вырашылі правесці асабліва буйны тэндар.

Больш за 300 тысяч рублёў каштаваў адмысловы адукацыйны рэсурс. Яшчэ 300 тысяч пайшлі на «выкананне навукова-даследчай работы па ацэнцы знешніх і ўнутраных сетак устаноў адукацыі на прадмет іх гатоўнасці да падключэння да Рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя». Само РІАА, магчымасць падключэння да якога ацэньвалі, было створана раней, а прызначана яно для кіраўнікоў школ і чыноўнікаў — каб яны маглі цэнтралізавана аналізаваць і кантраляваць сферу.

Нарэшце, летась закупілі і паслугі па распрацоўцы тэхзадання для «стварэння інфармацыйнага ядра» РІАА — гэта значыць для таго, каб сістэма існавала не толькі на паперы. Выдаткавалі таксама больш за 300 тысяч рублёў.

Такім чынам, толькі паводле звестак дзяржзакупак, на рэалізацыю праекта ў 2020-м выдаткавалі мільёны рублёў. Сама праграма яшчэ не выканана, хоць павінна была быць завершана.

 

А што там з дыстанцыйкай?

У канцэпцыі лічбавізацыі адукацыі, прынятай яшчэ ў 2013-м, прадугледжвалася пашырэнне выкарыстання «інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій» для навучання.

Але сур'ёзна пра пытанне пачалі турбавацца толькі ў 2020-м праз пандэмію. Тады ж вырашылі рабіць спецыяльны адукацыйны рэсурс, але так і не дарабілі. Зрэшты, «дыстанцыйка» — не самамэта: больш за тое, ЮНІСЕФ і СААЗ выступаюць супраць таго, каб дзеці вучыліся з дому. Але тут пытанне ў высокіх затратах і адсутнасці «выхлапу»: побач з многімі еўрапейскімі краінамі лічбавізацыя нашай сістэмы адукацыі дый сама сістэма выглядаюць дапатопнымі.

Так, доступ у інтэрнэт сёння ёсць у кожнай школы ў краіне, але як ён выкарыстоўваецца? Часцей за ўсё рапартуюць пра існаванне электронных падручнікаў і сайтаў школ (вельмі важная рэч, вядома). Але пры гэтым узнікаюць праблемы з банальнай адпраўкай заданняў або правядзеннем кантрольных на дыстанцыйцы. Калі ВНУ краіны з гэтым сяк-так разабраліся, то сярэдняя адукацыя так і засталася «далічбавай».

Хваляцца чыноўнікі часта і ўкараненнем праграм «электронны журнал / электронны дзённік», толькі заслуга чыноўнікаў ад адукацыі тут мінімальная: платформы гэтыя прыватныя, бясплатна даступныя толькі базавыя функцыі, а за шэраг аспектаў трэба даплачваць. У цэлым як і ва ўсёй сістэме адукацыі.