Зміцер Дашкевіч прапанаваў правесці «Ноч расстраляных паэтаў» у іншым фармаце
29 кастрычніка 1937 года ў Курапатах былі расстраляныя больш за 100 прадстаўнікоў беларускай культуры. Апошнія гады там праходзілі мемарыяльныя мерапрыемствы, на якіх ўшаноўвалі памяць расстраляных, чытаючы іх творы, піша «Наша Ніва».
Зміцер Дашкевіч прапанаваў змяніць фармат акцыі, паколькі ў сённяшніх умовах небяспечна ладзіць нейкія мерапрыемствы.
«29 кастрычніка мы чарговы раз будзем узгадваць чорную ноч у гісторыі Беларусі (…) Такога злачынства, кажа Уладзімер Арлоў, не ведае гісторыя ніводнай Еўрапейскай дзяржавы. (…) Хацелася б 29 кастрычніка сустрэцца ў Курапатах — і, узгадваючы нявінна забітых, разважыць пра тое разам. Ды сем злейшых сіл духаў [адсылка да Евангелля] так узбясіліся, што і гэтага ўжо не зробіш.
Але 29 кастрычніка запрашаю кожнага на сваім месцы ўзгадаць "Ноч расстраляных паэтаў": пад хэштэгам #Ночпаэтаў запішыце верш, прачытайце твор, паразважайце пра прычыны таго, што з намі адбывалася і адбываецца», — напісаў Дашкевіч.