Знакаміты віцебскі арт-паб «Торвальд» зачыняюць пасля праверак

Пасля таго, як паб не працаваў у дзень сканчэння ўльтыматуму Ціханоўскай, да іх прыйшлі праверкі. 11 студзеня «Торвальд» вымушаны закрыцца, перадае Радыё Свабода.

4c742d76_4fa0_4ac7_b6cd_d433e394b7ff_w1023_r1_s.jpg

«Дарагія сябры!
Аказалася, што праводзіць санітарныя дні ўвосень — дрэнная прыкмета.
Раптоўна ў памяшканнях, якія мы займаем і якія існуюць ужо больш за 150 гадоў, выявіліся надзвычай сур'ёзныя недахопы: прыступкі занадта высокія, а калідоры — неймаверна вузкія. Гэтыя недасканаласці, разам з адмысловымі службамі, што вельмі клапоцяцца аб нашай з вамі бяспецы, вымушаюць нас прыпыніць сваю дзейнасць.
Мы будзем старацца ва ўсю моц, каб зрабіць "Торвальд" законным зноў, захаваўшы наш стыль і дух і не разбіўшы аніводнага хрустальнага сасуду, але ж вы самі ўсё разумееце.
Таму, калі вы нас любіце і плянавалі зайсці да нас, тады зрабіце гэта ў бліжэйшыя дні. Па ашчушчэніям, гэта можа быць нашым апошнім спатканнем», — напісалі адміністратары старонкі паба ў сацсетках.
Перад закрыццём гаспадары арт-паба заклікалі «разабраць „Торвальд“ на сувеніры» — купіць што заўгодна з начыння, аздаблення і інтэрʼеру памяшкання.
«Торвальд» адкрыўся на гістарычнай вуліцы Віцебска ў 2016 годзе і хутка стаў нефармальным цэнтрам беларускага культурнага жыцця ў горадзе.
Тут гатавалі нацыянальныя стравы і напоі, гасцей абслугоўвалі па-беларуску. Праводзілі канцэрты і творчыя сустрэчы, фэст вышыванкі і курсы «Мова нанова».
У маразы 2017 года наведнікаў частавалі бясплатнай гарбатай.
Вясной 2020-га гатавалі і адвозілі медыкам гарачыя абеды.