Жыхара Міншчыны вінавацяць у тым, што ён 10 гадоў гвалтаваў дзяцей

Следчы камітэт скончыў расследаванне ў дачыненні 42-гадовага жыхара Мінскага раёна па катаваннях і сексуальным гвалце прыёмных дзяцей, паведамляе прэс-служба СК.

famillemariagepourtous_1.jpg


Паводле версіі следства, мужчына з 2012 па 2021 год наўмысна, з ужываннем гвалту і пагроз, здзяйсняў сексуальны гвалт у дачыненні да сына і дачкі. Дзеці былі не роднымі, а ўсыноўленымі, зараз хлопцу 16, а дзяўчыне 20 гадоў.
У справе дзясяткі злачынных эпізодаў. З сынам мужчына здзяйсняў гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару, а дачку падвяргаў і згвалтаванням. Маці дзяцей, таксама прыёмная, паводле даных следства, у пэўны момант даведалася пра тое, што адбываецца, і затым не раз была сведкам гвалту ў дачыненні да дзяўчынкі, аднак не звярталася ў міліцыю. Самі дзеці супраціўляцца не маглі з-за ўзросту і індывідуальна-псіхалагічных асаблівасцей. Да таго ж, бацька пагражаў ім пакараннем і выкарыстоўваў шантаж.
Акрамя таго, усе гэтыя дзесяць гадоў мужчына таксама катаваў і эксплуатаваў дзяцей: прымушаў шмат працаваць па гаспадарцы, займацца будоўляй, агародам, доглядам жывёлаў, а за любую правіннасць збіваў дзягай, кулакамі, прымушаў начаваць у хляве, на вуліцы, пазбаўляючы цяпла і сну, таксама часта пакідаў без ежы. Ён называў гэта «працатэрапіяй».
Таксама, паводле матэрыялаў справы, у 2019 годзе абвінавачаны з нажом у руках пагражаў дачцэ забіць яе.
Па выніках расследавання мужчыне прад’яўлена абвінавачанне па сямі артыкулах Крымінальнага кодэкса. Матэрыялы ў дачыненні да яго жонкі вылучаныя ў асобную вытворчасць, яе дзеянням будзе дадзеная прававая ацэнка на прадмет неданясення або ўкрывальніцтва злачынстваў.
Абвінавачаны знаходзіцца пад вартай, справа перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд. У Мінскі райвыканкам унесена прадастаўленне аб устараненні «парушэнняў закона, прычын і ўмоў, якія садзейнічалі ўчыненню злачынстваў».