Жыхары Асмалоўкі хочуць дамагчыся самакіравання раёну

Жыхары Асмалоўкі маюць намер юрыдычна аформіць мясцовае самакіраванне, паведаміў адзін з жыхароў, актывіст ініцыятывы за захаванне першаснага аблічча раёну Андрэй Езерын.

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак


14 кастрычніка мясцовыя жыхары адгукнуліся на заклік раённай камунальнай службы разам добраўпарадкаваць дваровыя тэрыторыі раёну. Ініцыятыву дзяржаўнай службы многія гараджане ўспрынялі як знак таго, што Асмалоўка, якую яшчэ нядаўна горад хацеў замяніць новабудоўлямі, захавае сваё ўнікальнае аблічча.
«Самаарганізацыя жыхароў ужо існуе, але яна нефармальная, — адзначыў Езерын у інтэрвію агенцтву БелаПАН. — Зараз мы выбіраем найбольш прымальную форму самаарганізацыі, мясцовага самакіравання, каб вырашаць многія нашы пытаньні, якія сёння вырашыць немагчыма».
Паралельна з гэтым, паведаміў спадар Езерын, грамадскае аб’яднанне «Гісторыка» разам з актывістамі ініцыятывы па захаваньні Асмалоўкі рыхтуе «менеджмэнт-план па развіцці раёну».
«У найбліжэйшы час мы скончым гэты дакумент і запросім усіх на абмеркаванне. Менеджмэнт-план прадугледжвае наданне Асмалоўцы статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Калі мы даможамся прызнання за раёнам гэтага статусу, вельмі многія праблемы адпадуць. Нам здаецца, што гэта прыцягне інвэстараў, якія захочуць не зносіць тут будынкі, а, напрыклад, купіць тут дом, каб зрабіць з яго гатэль», — адзначыў Езерын.
На думку Езерына, у Асмалоўкі «ў ідэале павінны захавацца функцыі жылога раёну і з'явіцца маленькія гатэльчыкі і крамкі». Але раён «ні ў якім разе нельга зносіць і ладзіць тут даўгабуд», перакананы ён.
Мясцовая жыхарка Алена Калантаева у гутарцы з БелаПАН выказала меркаванне, што ўнутраную тэрыторыю Асмалоўкі трэба ператварыць у цалкам пешаходную зялёную зону, пакласці брук. «Я часта бачу, як па нашым раёне водзяць экскурсіі. Ніхто не хоча ехаць у сучасныя раёны, якіх поўна ў любым горадзе любой краіны свету, усё прыяжджаюць паглядзець на ўнікальныя месцы. А тут можна ўбачыць, як пасля вайны будаваўся горад», — сказала яна.
Асмалоўка — раён гістарычнага цэнтру гораду, які ўяўляе сабой два невялікія кварталы, абмежаваныя вуліцамі Камуністычнай, Куйбышава, Кісялёва і Багдановіча, і разрэзаных вуліцай Чычэрына. Спраектаваў раён, які будаваўся з канца 1940-х — пачатку 1950-х гадоў, мінскі архітэктар Міхаіл Асмалоўскі для высокапастаўленых чыноўнікаў, супрацоўнікаў штабу Беларускай вайсковай акругі.
Мясцовыя жыхары сабралі больш за 350 подпісаў у падтрымку прапановы прысвоіць кварталу статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Пытаньне ўзяло на разгляд Міністэрства культуры. Аднак у лістападзе 2016 году Рэспубліканская навукова-мэтадычная рада ў пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Мінкульце адклала абмеркаванне пытаньня Асмалоўкі да прадстаўленьня ўладамі дэталёвага плану развіцця кварталу.
21 ліпеня адміністрацыя Цэнтральнага раёну Мінска не падтрымала праект дэталёвай планіроўкі Асмалоўкі, які прадугледжваў знос старых будынкаў.
Паводле БелаПАН