«АкваАрэлі+» Алеся Мары — у Палац мастацтва
Знянацку разлітая вада на паперы мае сваю эстэтыку, сваё формаўтварэнне, пластычнае ўвасабленне.
1 красавіка ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі «Палац мастацтва» (Мінск, вул. Казлова, 3) — адкрыццё выставы графікі «АкваАрэлі+» вядомага беларускага мастака, сябра творчай суполкі «Пагоня» Алеся Мары (Аляксея Марачкіна).
Выстава будзе працаваць да 11 красавіка.
Упершыню творца паказвае сталічным гледачам графічныя творы, пераважна акварэлі. Адсюль і такая назва — «АкваАрэлі+». Слова складваецца з двух частак: «аква» — вада, «арэлі» – фантазійная гушкалка на белай паперы, па якой расцякаюцца падуладныя мастаку каляровыя вадзяныя плямы.
У экспазіцыі прадстаўлена розная тэматыка: ад успамінаў дзяцінства да сённяшняга дня, які складаецца не толькі з аптымістычных фарбаў расперазанага пазітыву. Мастак не абмінае вострых вуглоў, гэтым характэрная яго творчасць, пра гэта прамаўляюць яго творы.
На думку мастака, акварэлі, гэтыя фарбы-пігменты — найбольш натуральны матэрыял для мастака, які сягае ў далёкае мінулае. Як сцвярджае Алесь Мара, «вада – Божая субстанцыя, а ў Беларусі яна асаблівая». Як напісаў Алесь Разанаў у сваіх паэтычных радках «Напачатку было балота».
Думаецца, што творы Алеся Мары не пакінуць гледача абыякавым і дадуць новы імпульс у пазнанні Мастацтва, а значыць — Жыцця.
Выстава будзе працаваць да 11 красавіка 2021 года.
Адрас: г. Мінск, вул. Казлова, 3, «Палац мастацтва».
Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 19:00. Панядзелак — выхадны дзень.
Тэлефоны для даведак: +375 (17) 288 15 49;+375 (29) 264 68 48 (МТС).
Паводле прэс-рэліза