Архівы раскрываюць свае тайны

Не так часта ў Беларусі знаходзяць невядомыя мастацкія творы. І тым больш важкімі здаюцца такія знаходкі. Вось і кіраўнік культурна-асветнага клуба «Спадчына» Анатоль Белы прадэманстраваў грамадскасці свае мастацкія адкрыцці: некалькі графічных і акварэльных твораў беларускіх мастакоў, якія адносяцца да 30–40-х гадоў мінулага стагоддзя. Крыніцай гэтых знаходак стаў архіў аднаго са старэйшых беларускіх мастакоў Яўгена Ціхановіча. (На выяве: Аўтапартрэт Я. Ціхановіча, 1934)



250413d2982f1f83aa62a3a323cd2a87.JPG

Не так часта ў Беларусі знаходзяць невядомыя мастацкія творы. І тым больш важкімі здаюцца такія знаходкі. Вось і кіраўнік культурна-асветнага клуба «Спадчына» Анатоль Белы прадэманстраваў грамадскасці свае мастацкія адкрыцці: некалькі графічных і акварэльных твораў беларускіх мастакоў, якія адносяцца да 30–40-х гадоў мінулага стагоддзя. Крыніцай гэтых знаходак стаў архіў аднаго са старэйшых беларускіх мастакоў Яўгена Ціхановіча.

(На выяве: Аўтапартрэт Я. Ціхановіча, 1934)


«Нагадаю, мастак Яўген Мікалаевіч Ціхановіч быў ганаровым сябрам культурна-асветнага клуба «Спадчына», — распавёў Анатоль Белы. — У свой час у рамках клубных мерапрыемстваў мы арганізавалі юбілейную мастацкую выставу, якую назвалі «Дынастыя». Для яе была прапанавана канцэпцыя, каб гэта была не толькі выстава аднаго Яўгена Мікалаевіча, а выніковая экспазіцыя, што распавядала пра творчасць усёй мастацкай дынастыі Ціхановічаў. Апошнія дні жыцця Яўгена Мікалаевіча сябры клуба апекаваліся ім: пастаянна наведвалі яго, гутарылі, дапамагалі ў розных надзённых справах. Адным словам, у нас склаліся вельмі цёплыя адносіны. І калі Яўгена Мікалаевіча не стала, яго майстэрня перайшла да іншых людзей. У сувязі з гэтым дачка мастака папрасіла нас забраць адтуль усё, што належала яе бацьку, і перавезці ў музей. Гэта творы мастацтва, рамкі, паперы...»
Сярод усяго, што трапіла ў старадарожскі мастацкі музей, былі дзве вялікія папкі папер. У іх знаходзіліся графічныя працы дынастыі мастакоў, якімі яны аздаблялі старонкі часопісаў «Вожык», «Бярозка», газеты «Піянер Беларусі». Асабліва шмат было ў іх твораў Валянціна Ціхановіча. Спецыяльна для іх вылучылі асобную экспазіцыю, якая займае цэлую сцяну.


Партрэт невядомага, аўтар У. Галубок, 1936


Акварэльны аўтапартрэт Я. Ціхановіча, 1928


Партрэт невядомай, 1932


«Каб паскорыць працу, я разбіў архіў на некалькі частак па тэматыцы. Там была тагачасная палітычная карыкатура, у тым ліку і крытыка савецкага ладу жыцця, тагачасных калгасных рэалій. Таксама былі ў мастака прыродазнаўчыя, паляўнічыя і рыбалавецкія накіды. І вось неспадзяванка: у стосе гэтых замалёвак я знаходжу творы трыццатых гадоў: партрэты жонкі, брата Валянціна, аўтапартрэты. А сярод гэтых графічных і акварэльных прац бачу твор Галубка! Я патэлефанаваў сябру клуба, мастаку А. Крывенку: «Прыедзь, паглядзі, ці сапраўды гэта вартыя творы?» Калі ён прыехаў і пабачыў аркушы, сумненні зніклі: «Гэта выдатныя знаходкі!» — сказаў Анатоль Яўхімавіч.
Вядома, што да сёння захавалася толькі чатыры алейныя творы У. Галубка. Адзін з іх знаходзіцца ў мастацкім музеі ў Старых Дарогах, адзін — у сямействе Ціхановічаў, два творы экспануюцца ў Гомельскім тэатры чыгуначнікаў. Знаходкі паставілі пытанне пра тое, дзе яны будуць выстаўляцца, дзе з імі можна будзе пазнаёміцца аматарам і знаўцам беларускага мастацтва.
«Я меў размову з кіраўніцтвам Нацыянальнага мастацкага музея, — працягвае Анатоль Белы, — і прапанаваў перадаць туды адну ці некалькі знойдзеных мной прац з калекцыі Ціхановічаў. Але ўзамен папрасіў, каб спецыялісты Нацыянальнага музея прыехалі ў Старыя Дарогі і далі мастацкую адзнаку экспазіцыям майго музея. Для мяне важна, каб першы ў краіне прыватны мастацкі музей быў прызнаны і афіцыйна занесены ў рэестр культурных каштоўнасцяў. Трэба думаць пра будучыню майго прыватнага збору, бо калекцыі пашыраюцца, колькасць наведвальнікаў павялічваецца. Іх стане яшчэ больш, калі я выстаўлю новыя знаходкі з архіву Яўгена Ціхановіча».