Банкер-Фэст. Памяці Вовы Банько

6 кастрычнiка ў мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура адбудзецца Банкер-Фэст, прысвечаны памяці аднаго з яркіх прадстаўнікоў беларускага паэтычнага, музычнага і мастацкага андэграўнду Уладзіміра Банько, які пайшоў з жыцця ў красавіку 2015 года.

download_31.jpg


Падчас імпрэзы адбудзецца адкрыццё выставы графікі Вовы Банько “Далікатэсы”, а таксама прэзентацыя кнігі Ярылы Пшанічнага (літаратурны псеўданім Банько) “Атамная лучына”.
Выступяць музыканты і літаратары, з якімі найбольш супрацоўнічаў і сябраваў Вова: БАРАДАТЫ ГРЫНВІЧ,КНЯЗЬ МЫШКІН, BUBEN & Nasta Labada, AORTHA, KRITCHEV vs. BAN, GOLOVA, EVGENI ROGOZIN, Ілля Сін, Зміцер Вішнёў, Віктар Жыбуль.
Уладзімір Банько (1.11.1973 – 19.04.2015) – адзін з яркіх прадстаўнікоў беларускага паэтычнага, музычнага і мастацкага андэграўнду, завадатар і ўдзельнік мноства музычных і перформансных праектаў самага рознага кшталту. Адзін з пачынальнікаў беларускага індастрыэла. Найбольшую вядомасць набыў дзякуючы сваёй бескампрамісна эксперыментальнай электроннай музыцы (праект “Roomdark”).
Ярыла Пшанічны – ягонае літаратурнае альтэр-эга. Асноўнай працоўнай мовай сваёй творчасці гэты аўтар зрабіў “трасянку” — з’яву, якаяя знаходзіцца па-за межамі літаратурнай нормы. Сатырычныя, іранічныя і неа-сацартаўскія вершы сталі асновай кнігі “Пішчавыя лішкі” (2011) – унікальнай з’явы ў кантэксце сучаснай беларускай літаратуры.
“Атамная лучына” – другая, пасмяротная кніга Ярылы Пшанічнага, аздобленая графічнымі працамі аўтара і фотаздымкамі. Назву кнізе дала аднайменная паэма, над якой Ярыла Пшанічны працаваў на працягу 2010 – 2011 гг. Гэта сатырычны водгук паэта на экалагічныя праблемы сучаснасці, стылізаваная пад фальклор і фантастыку гісторыя пра тое, як “Янка марыў стаць атамшчыкам. Яго абразіў Нячысьцік Д’ябла, каб скрасці вялікі беларускі сакрэт, накіраваў у будучыню і ажаніў”.
Акрамя літаратурных твораў, кніга дазваляе спасцігнуць і іншае аўтарскае вымярэнне Вовы Банько – яго тонкія і далікатныя графічныя работы. Менавіта яны будуць дэманстравацца на выставе “Далікатэсы”.
Пачатак імпрэзы а 18 гадзіне. Адрас: Мінск, вул. Азгура, 8.