Без кафедраў і мантый. Нязмушаная размова з Лятучым
10 кастрычніка Лятучы ўніверсітэт запрашае ўсіх цікаўных у Галерэю «Ў» на імправізаваны «Дзень адчыненых дзвярэй». Але выступаў, прэзентацый і лекцый не будзе!
Вас чакаюць адкрытыя нефармальныя размовы з рознымі Асобамі Лятучага за кубачкам кавы ці гарбаты.
Ужо восьмую восень Лятучы ўніверсітэт адчыняе дзверы і запрашае старых і новых сяброў да супольнай працы ў прасторы мыслення, культуры, грамадства, фармавання сябе і зменаў навокал. Адна з галоўных установак універсітэта палягае ў тым, што ідэі і думкі нараджаюцца ў дыялогу, у асяродку супольнай рэфлексіі і крытыкі, а сапраўднае навучанне мысленню магчымае толькі праз судачыненне і супрацу з Настаўнікам — інтэлектуалам, мастаком, навукоўцам, мысляром. На гэтай падставе і будуецца праца Лятучага ўніверсітэта.
10 кастрычніка Лятучы запрашае ўсіх цікаўных да адкрытай і шчырай размовы з Асобамі Лятучага ўніверсітэта. У гэты дзень не будзе выступаў, прэзентацый і лекцый, але будуць Людзі, з іх справай, якую яны робяць у Лятучым. З кожнай Асобай вы зможаце паразмаўляць сам-насам альбо ў невялічкай кампаніі іншых зацікаўленых на працягу 20 хвілін, а пасля перайсці да іншага героя.
Запіс на сёлетнюю праграмму сканчаецца акурат 10 кастрычніка, таму гэта добрая нагода канчаткова вызначыцца са сваім асабістым шляхам у прасторы Лятучага!
Праз размовы з Асобамі Лятучага вы даведаецеся пра тое, як працуе Лятучы, пра нашу дыстанцыйную платформу і новую праграму. Нашы сябры з Жывой Бібліятэкі дапамогуць арганізаваць прастору такім чынам, каб вы маглі паразмаўляць з усімі, хто вам цікавы, задаць пытанні пра тое, што для вас важна, паспрабаваць паразумецца з рознымі прадстаўнікамі супольнасці Лятучага ўніверсітэта.
10 кастрычніка ў Галерэі “Ў” (пр. Незалежнасцi 37А) з 18.30 да 21.00 вы зможаце сустрэцца з наступнымі Асобамі Лятучага ўніверсітэта:
Уладзімір Мацкевіч— галоўны метадолаг і антыкамуніст Беларусі;
Валянцін Акудовіч — літаратар, зачараваны мысленнем;
Алена Верашчагіна — робіць Лятучы бачным і чутным;
Ігар Бабкоў — гісторык ідэяў і філосаф "за небакраем Эўропы";
Зміцер Майбарада— настаўнік дыялога пра каштоўнасці;
Аліна Радачынская — аб'ядноўвае людзей, каб адкрываць дадзеныя;
Павел Баркоўскі— герменеўт, праектны актывіст і магістр гульні;
Лілія Ілюшына — верыць у гісторыю таму, што гэта абсурдна;
Вячаслаў Бабровіч — галоўны настаўнік дэмакратыі;
Іван Вядзенін — дэвіз "Інавацыі або смерць!";
Таццяна Вадалажская— не-сапраўдны рэктар.
Больш навінаў пра мерапрыемства і тых асобаў, з якімі магчыма будзе сустрэцца, можна знайсці ў мерапрыемстве на Фэйсбуку https://goo.gl/AZWdYL.
Паводле прэс-службы Лятучага ўніверсітэта