Экспанаты з калекцыі парыжскага музея Адама Міцкевіча прадставяць у Навагрудку
Арыгінальныя экспанаты з калекцыі парыжскага музея Адама Міцкевіча прадставяць 11 ліпеня ў Навагрудку, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў пасольстве Беларусі ў Францыі.
Музей Адама Міцкевіча
У Доме-музеі Адама Міцкевіча ў Навагрудку адбудзецца адкрыццё дакументальнай выстаўкі. Упершыню ў раённы цэнтр прывязуць 16 арыгінальных гравюр XIX стагоддзя і 6 медальёнаў з калекцыі музея Адама Міцкевіча ў Парыжы. Таксама ў экспазіцыю ўвайшоў партрэт выдатнай піяністкі таго часу, якая выступала для каралеўскіх асоб, і цешчы Адама Міцкевіча Марыі Шыманоўскай мастака Віктара Альшэўскага. Гэта копія вядомага партрэта піяністкі, выкананага сучаснікам Міцкевіча мастаком Валенсіем Ваньковічам. Сёння копія партрэта перададзена ў дар Нацыянальнаму мастацкаму музею Беларусі.
Акрамя таго, у Навагрудак прывязуць арыгінальную работу мастака Віктара Альшэўскага з калекцыі пасольства Італіі ў Беларусі. У Навагрудку экспазіцыя прабудзе да 7 снежня.
У галерэі беларускага мастака Кастуся Качана ў Навагрудку 11 ліпеня таксама адбудзецца паказ урыўка спектакля "Пан Тадэвуш" Адама Міцкевіча ў пастаноўцы Нацыянальнага акадэмічнага
тэатра імя Янкі Купалы.
Чакаецца, што ў мерапрыемствах прымуць удзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка і прадстаўнікі музея Адама Міцкевіча ў Парыжы.
Арганізатарамі выстаўкі з'яўляюцца пасольства Беларусі ў Францыі сумесна з музеем Міцкевіча ў Парыжы, Гродзенскім аблвыканкамам і Навагрудскім райвыканкамам. У пасольстве падкрэслілі, што
мерапрыемства з'яўляецца сведчаннем развіцця беларуска-французскіх культурных сувязей, а таксама стане добрым прыкладам арганізацыі міжнародных культурных праектаў у рэгіёнах Беларусі.