Fantastic Swimmers выпусцілі джазавы «Альбом дуэтаў» (даступна для запампоўкі)
Беларуска-польская музычная фармацыя Fantastic Swimmers прадставіла ў сеціве праграму дуэтаў. Пад клявішны акампанемент бэнд-лідара Віктара Сямашкі імправізуюць беларускія і польскія музыкі, якія жывуць у Варшаве.
Як адзначаецца ў прэзентацыйным прэс-рэлізе, фартэпіяна ў праграме спалучаецца з разнастайнымі духавымі інструментамі — трубой (Ольгерд Далькальскі), фаготам
(Віталь Эпаў), басовым кларнетам (Пётар Мелех), альтовым саксафонам (Ян
Малкоўскі), а таксама з перкусіяй (Пётар Дамброўскі), скрыпкай (Марціна
Кабульская), акардэонам (Аляксей Варсоба) і вакалам (Вераніка Лось).
Кампазіцыі
з большага мініятурныя, вытрыманыя ў духу свабоднага джазу і сучаснай акадэмічнай музыкі, прытым выкананыя абсалютна спантанна.
«Альбом дуэтаў — даўняя ідэя. Матэрыял збіраўся цягам году. Менавіта з дуэтаў мы звычайна пачыналі нашыя студыйныя сэсіі ў Варшаве. Яны давалі магчымасць хутка ўсталяваць кантакт з кожным музыкам паасобку, каб потым супольна і аператыўна будаваць няпростыя музычныя структуры. Але ў альбоме хапае і лёгкасці, і гумару, і нечаканых паваротаў ды вельмі кранальных для мяне асабіста момантаў», — сведчыць бэнд-лідар.
Вокладкай для рэлізу стала праца Мар`яна Валентыновіча (па кудзелі з роду Сямашак). У 1928 годзе польскі мастак такім чынам аздобіў нотнае выданне «Zatańczmy tango!». Новую праграму Fantastic Swimmers «Duos» можна паслухаць і адвольна спампаваць па спасылцы.
.