Галіна Адамовіч. Дакументальны поспех без зваротнага шляху

30 верасня ў кінатэатры “Цэнтральны” адбылася прэм’ера дакументальнага блокбастэра “Беларусь. Дакументальная гісторыя” ад аднаго з лідараў айчыннай дакументалістыкі — Галіны Адамовіч. Хочацца павіншаваць аўтарку не толькі з этапным фільмам, але і з духоўным пераходам. Туды, адкуль зваротнага шляху няма.



000027_781732_big_logo.jpg

Фота БЕЛТА

Галіна Адамовіч, якая зняла гэты фільм паводле ідэі Паўла Якубовіча — галоўнага рэдактара “галоўнай газеты”, а таксама з дапамогай кансультацый Марата Жылінскага — галоўнага рэктара “галоўнай акадэміі”, шчыра пераконвае перад праглядам, што  “Беларусь. Дакуменатальная гісторыя” гэта ейны цалкам суб’ектыўны пагляд на гісторыю найноўшай беларускай незалежнасці — ад 90-х да нашых дзён — праз прызму дакументальных фільмаў, якія былі зняты тут. Таму гэты фільм не толькі партрэт Беларусі вачыма айчынных летапісцаў з “Беларусьфільму”, гэта яшчэ і партрэт стваральніка стужкі.

І што ж апавядае нам дакументальная гісторыя пра нашу незалежную? У 90-я было цяжка. Людзі ездзілі па джынсы ў Польшчу. Начавалі на мяжы па пяць дзён (хіба цяпер беларусы не выяжджаюць масава на закупы ў Польшчу і Літву?). Затым былі выбары. Пакрысе ўсё наладзілася. “Гомсельмаш” робіць годныя камбайны, жанчыны збіраюць яблыкі пад песні, туркі будуюць ў сябе нашыя “МАЗы”… Мы робім аперацыі па перасадцы сэрцаў. Мы з драматызмам адпраўляем у космас спадарожнік. Мы перамагаем на байдарках. Мы правялі чэмпіянат свету па хакеі як годныя людзі. Мы маем шыкоўны дзіцячы летнік “Зубранё”, дзе працуюць нават валанцёры. Мы перажылі Чарнобыль, а цяпер будуем новую ўльтрасучасную атамную электрастанцыю. Мы аднаўляем духоўнасць, бо гэта акурат тое, чаго не ставала раней.

Вось такая простая гісторыя беларускага народа ў партрэтах найлепшых яго прадстаўнікоў — трэнера, хірурга, аграрыя, касманаўта, інжынера, пратаіерэя. Фільм складаецца як з інтэрв’ю з рэжысёрамі беларусьфільмаўскага “Летапісу”, якія колісь здымалі партрэты паспяховых беларусаў, так і з галоўнымі героямі гэтых фільмаў. Зрэшты, у Галіны Адамовіч вытрымаць уласную канцэпцыю атрымалася не ўсюды: фільма пра будоўлю АЭС у нас чамусьці яшчэ не было, як зрэшты і паўнавартаснай дакументалкі пра летнік “Зубраня”…

Між тым, гэты фільм проста і структурна паказвае нам ідэю беларускага поспеху. Мадэль поспеху па-беларуску выглядае так:

1) Разваліўся Савецкі Саюз;

2) Краіна ў галечы;

3) Нейкія людзі муцяць на плошчы;

4) Нарэшце з’явіўся прэзідэнт;

5) Прэзідэнт пакрысе наводзіць парадак (90-я як змаганне з жуллём ды карупцыяй);

6) Таленавіты суб’ект (хірург, “Гомсельмаш”, “Зубранё”, акадэмік) перажывае крызіс, але змагаецца ў цяжкіх умовах у 90-я;

7) Прэзідэнт заўважае шчырыя памкненні суб’екту ды шчодра адорвае дзяржпадтрымкай у нулявыя;

8) Паспяховы суб’ект любіць уласную справу, Радзіму, Прэзідэнта, чаго і вам, зрэшты, жадае…

Галіна Адамовіч добра вядомая ў Беларусі ды па-за яе межамі як аўтарка фільмаў пра людзей пошуку — сацыяльнага, творчага, духоўнага. “Інакіня” — верагодна найбольш знакаміты фільм рэжысёра аб складаным асабістым лёсе, веры і творчасці Ірына Дзянісавай, а цяпер манахіні Юлініаніі. Іншы партрэт — стужка пра лідара кабэрэ-бэнда “Срэбнае вяселле” Святлану Бень ў “Неверагоднай Беньцы”. Ніводнаму кадру з гэтых і падобных гісторый у ейным суб’ектыўным паглядзе на найноўшую Беларусь, зрэшты, месца не знайшлося. Затое знайшлося месца для завяршальнага адкрыцця ад пратаіерэя Свята-Елізавецінсакага манастыра айца Андрэя аб тым, што мы — праціўнікі ўселякіх рэвалюцый, якія анічога акрамя шкоды не прыносяць, з новай моцай узнаўляем духоўнасць, якой, на жаль, не ставала такой магутнай дзяржаве як Савецкі Саюз…

Чамусьці ў дакументальнай гісторыі Беларусі ад Адамовіч адсутнічаюць прадстаўнікі творчых прафесій. Ці то ніводзін творца не ўпісваецца ў абазначаную вышэй схему “у 90-я было кепска, у нулявыя з дапамогай улады ўсё стала добра”, ці то студыя “Летапіс” да гэтай стужкі здымала дакументальнае кіно не зусім слушна…

У любым выпадку, услед за Паўлам Якубовічам, хочацца павіншаваць аўтарку не толькі з этапным фільмам, але і з духоўным пераходам. Туды, адкуль зваротнага шляху няма.