Неверагодны відэарарытэт ад Эдуарда Акуліна
На свой дзень нараджэння бард Андрэй Мельнікаў атрымаў неверагодны падарунак ад паэта Эдуарда Акуліна: відэазапіс першага публiчнага выканання сваёй самай знакамітай песні «Гэта Мы».
На рарытэтным відэа прадстаўлены фрагмент творчага вечара Эдуарда Акуліна, які адбыўся ў снежні 1995 года на сцэне мінскага «Дома літаратара». А ўжо ў кастрычніку 1996 года ў свет выйшаў альбом Андрэя Мельнікава «Гэта Мы», якому наканавана было стаць знакавым, як для самога барда, так і для нацыянальнай музычнай культуры. Праз нейкі час загалоўную песню альбома пераспявала легендарная Кася Камоцкая з гуртом «Новае неба». У другой палове 90-ых песня гучала на мітынгах, вечарынах, імпрэзах, канцертах: можна без перабольшання сказаць, што «Гэта Мы» – стала сваеасаблівым гімнам пратэстнай моладзі тых часоў.
Тая імпрэза ў далёкім 1995 наогул стала асаблівай для Андрэя Мельнікава. Менавіта там адбылося яго знаёмства з народным паэтам Беларусі Нілам Гілевічам, які падышоў да барда, каб паціснуць руку і выказаць словы павагі. У гэтай вечарыне прымаў удзел і адзін з самых выбітных нацыянальных творцаў Анатоль Сыс, які чытаў свае вершы. А яшчэ Андрэй Мельнікаў успамінае, што адзін мастак (цяпер ужо нябожчык), упершыню пачуўшы «Гэта Мы» у «Доме літаратара», так расчуліўся, што паабяцаў барду падарыць яму дом у прыгарадзе Мінска.