Святлана Алексіевіч узнагароджаная прэміяй Медычы
Беларускую пісьменніцу ўзнагародзілі за кнігу «Час сэканд-хэнд».
Прэмія Медычы (Prix Médicis) была заснаваная ў 1958 годзе. Яе ўручаюць штогод за раман ці апавяданне французскаму аўтару, які «яшчэ не вядомы шырокаму колу чытачоў, але
надзелены несумнеўным арыгінальным талентам». У 1970 годзе да яе дадалася Прэмія Медычы за замежны твор (Prix Médicis étranger), а ў 1985 годзе — Прэмія Медычы за эсэістыку. Яе і атрымала Святлана Алексіевіч.
Кнігу беларускай пісьменніцы на французскую мову пераклала Сафі Бенеша. У перакладзе яна мае загаловак «La fin de l'homme rouge: Ou le temps du
désenchantement» (Канец чырвонага чалавека: час расчаравання).
«Час сэканд-хэнд» — апошняя кніга, кульмінацыйны пункт
грандыёзнай эпапеі савецкага жыцця, створанай Святланай Алексіевіч. Эпапеі, часткі якой выдаюцца і перавыдаюцца і ў Германіі. Ужо ў кастрычніку выходзіць на нямецкай кніга «У вайны не жаночы
твар», у пачатку наступнага года — «Апошнія сведкі»,
рыхтуецца другое выданне «Цынкавых хлопчыкаў».
У Беларусі творчасць пісьменніцы фактычна ігнаруецца ўладамі і афіцыйнымі выдавецтвамі.
svaboda.org