У Брэсце адкрылася мастацкая выстава Рыгора Сітніцы "Простыя рэчы" (фота)
Мастак-графік прадставіў брэстаўчанам свае працы ў межах абласнога свята роднай мовы "Жывыя вытокі".
У рамках абласнога свята роднай мовы "Жывыя вытокі" у Брэсце праходзіць выстава твораў мастака-графіка Рыгора Сітніцы "Простыя рэчы". Карціны прэзідэнта Міжнароднай канфедэрацыі Саюза мастакоў адлюстроўваюць прадметы гісторыі ды этнаграфіі Беларусі. "Простыя рэчы" — гэта выявы элементаў вясковай архітэктуры, прадметаў побыту беларусаў.
Асаблівасцю стылю Сітніцы з'яўляецца амаль фатаграфічная дакладнасць малюнка. Некаторыя карціны, выкананыя алоўкам, можна нават зблытаць з фатаграфіяй.
"Для мяне вельмі істотныя этнаграфія, фальклор, мова, гісторыя, традыцыі — гэта ўсё, мне здаецца, бачна ў гэтых творах. Я свядома бяру самыя простыя рэчы, які кожны бачыць штодня. Аднак не ўсе здагадваюцца, што гэтыя рэчы можна ўзняць да ўзроўню высокага мастацкага стылю. Я гэта раблю!" — распавядае Рыгор Сітніца пра свае карціны.
Экспазіцыя праходзіць у выстаўнай зале па вуліцы Савецкай. Азнаёміцца з "Простымі рэчамі" Рыгора Сітніцы можна будзе на працягу наступных двух тыдняў.