У першым гродзенскім паэтычным слэме перамог Валера Руселік

“Літаратурны рынг” ва ўтульным дворыку ля галерэі “Крыга” сабраў шмат гарадзенцаў розных узростаў. Нягледзячы на адчувальны холад, большасць дачакалася канца выступаў і ўзяла ўдзел у галасаванні.



untit7.jpg

Пераможца Валер Руселік

Слэм аб’яднаў вельмі розных выступоўцаў: паводле полу, узросту, статусу і паэтычнага здабытку. Шляхам лёсавання была вызначана чарговасць выступаў. Кожны прачытаў па два вершы і ніхто ані разу не перакрочыў адведзеныя для выступу пяць хвілін.

 

get1.jpg

                                                     Вядучыя Хрыся Марчук і Лёша Шота

ge2.jpg

ЛёсаваннеЛёсаваннЛЛ                                                                        Лёсаванне

У слэме ўзялі ўдзел гарадзенскія паэты Ала Петрушкевіч, Святлана Куль, Ганна Аўчыннікава, Святлана Якімава, Валер Руселік, Анатоль Брусевіч, Антон Янкоўскі і Артур Камароўскі. Большасць удзельнікаў абрала цалкам традыцыйны спосаб дэкламавання вершаў, таму слэм атрымаўся вельмі падобны да звычайнага чытання паэзіі.
 

ge3(2).jpg

Антону Янкоўскаму давялося выступаць першым

 

get4.jpg

Пераможцу можна назваць сапраўды “народным паэтам”, бо яго абралі ў галасаванні прысутныя. Валеру Руселіку ў свае пяць хвілін удалося прачытаць вершы адначасова і пра каханне і пра Гародню, а таксама ўступіць у жартаблівую дыскусію з вядучым. Ён, дарэчы, максімальна выкарыстаў адведзены час — выступ заняў 4 хвіліны 52 секунды.

 

Ганаровымі гасцямі мерапрыемства былі Данута Бічэль (на здымку) і Аляксей Пяткевіч. Данута Янаўна расказала прысутным пра тое, як у савецкія часы літаратуру ацэньвалі не чытачы, а партыя і пра тое, як арганізоўваліся ў пачатку 90-х спаборніцтвы сярод тых, хто ведаў на памяць найбольш вершаў Максіма Багдановіча. Па словах Дануты Янаўны, у іх заўсёды перамагаў Алесь Краўцэвіч.

 

Аляксей Пяткевіч (на здымку) выступіў у канцы мерапрыемства і ўручыў пераможцы падарунак, падрыхтаваны арганізатарамі слэму ГА “Цэнтр “Трэці сектар”. Вядомы гарадзенскі літаратуразнаўца вельмі цёпла і пазітыўна выказаўся пра ініцыятыву, якая аб’яднала гумар, лірыку, цікавых выступоўцаў і ўдзячную публіку.

 

unt5.bmp

 

Усе ўдзельнікі атрымалі таксама падарункі ад кніжнай серыі “Гарадзенская бібліятэка” — арганізацыйнага партнёра слэма.

 

Музычнае афармленне мерапрыемства забяспечваў дуэт “Раса мечтателей”, які выканаў некалькі кампазіцый на вершы беларускіх паэтак.

 

6.bmp

 

www.t-styl.info

Здымкі Яна Лялевіча