У Віцебску адбыўся чарговы Unplagged Day
У Віцебску пачала прыжывацца новая форма правядення культурных імпрэз — unplagged (анплагд). Гэта значыць акустычны канцэрт. Плюс яшчэ якая-небудзь арт-падзея — выстава, кінапаказ, літаратурны выступ і інш.
У нядзелю, 16 снежня, у віцебскім Цэнтры сучаснага мастацтва ў адным флаконе арганізатары (партал Vitebsk4.me) падалі музычны перформанс і аднадзённую фотавыставу. Імпрэза называлася "Unplagged: ЧБ". Скарочана ад "чорна-белае".
Удзельнікі выставы — маладыя віцебскія фотамастакі Дзіма Лось, Аляксандр Веледзімовіч, Таццяна Агаджанян і Таццяна Лісоўская — у сваіх працах разважаюць над тым, якім бывае чорна-белы свет: глыбокім, разнастайным, насычаным колерамі вясёлкі ці графічна абмежаваным.
Найбольш уразіў фотапраект "Неработа", які прадставіў Дзіма Лось. Ён адлюстраваў кірмашова-спажывецкае жыццё буйнога гандлёвага цэнтра. Галоўныя героі здымкаў — людзі-манекены і рэчы. Безліч рэчаў, патрэбных нам і непатрэбных. У анатацыі да фотасерыі аўтар напісаў: "Рэчы, якія можна лічыць сотнямі, і людзі, якія закапаліся ў гэтых рэчах. Гэта пластмаса, гэта пыл, гэта мы".
Пасля таго, як наведвальнікі пазнаёміліся з працамі фотамастакоў, пачаўся музычны перфоманс ад віцебскіх гуртоў "Chaotic Orchestra" і "Ведьма". Слухаць музыкаў можна было, седзячы проста на падлозе, на дыванках.
Unplagged Day пачалі праводзіць у Віцебску сёлёта ў сакавіку. І, трэба адзначыць, гэта нешта новае, цікавае і свежае ў культурніцкім жыцці нашага горада, якое пачало ўжо пакрыху нагадваць адзін і той жа надакучлівы сцэнар.
Арганізатары запэўніваюць, што любы жыхар горада можа выказаць свае прапановы, датычныя канцэпцыі чарговай імпрэзы. Дык вось, прапанова ад “ННВ. Ідэя, праўда, не эксклюзіўная — нешта падобнае ўжо праходзіць у Мінску. Але ў нас гэта дакладна будзе ўпершыню. Увесну і ўлетку, калі надвор’е дазваляе, можна праводзіць Unplagged Day ў якім-небудзь старым утульным віцебскім дворыку. Напрыклад, зладзіць выставу (працы можна размясціць на вяроўцы на прышчэпках) і кінапаказ на свежым паветры.