Віктар Марціновіч: Why By?

Падчас размовы пра культурных герояў у цудоўным Пружанскім палацыку мне задалі пытанне, на якое я не здолеў адказаць. Больш за тое, калі сустрэча скончылася і чалавек, што задаў тое пытанне, падышоў да мяне і пачаў абгрунтавана даказваць, чаму ягонае пытанне важнае, я не знайшоўся, як гэта аспрэчыць.



dsc_3812_e1448973724826.jpg

Віктар Марціновіч. Фота budzma.by

Пытанне было вельмі простым. Мне здаецца, шмат хто з нас сабе яго ніколі не задаваў, а таму і гатовага адказу на яго не мае. Вось гэтае пытанне:

— А навошта нам быць беларусамі? Мы — людзі. Не беларусы, не рускія, а проста людзі. Мастакі, пісьменнікі дзеляцца на вартых і нявартых. Непрынцыпова гэта, быў Міцкевіч польскім, украінскім ці літоўскім паэтам. Нецікава, рускім ці беларусам быў Адамовіч. Няважна, ці беларус Шагал.

Я сказаў тады, што мне трэба падумаць, каб падрыхтаваць адказ. Мне здавалася, што знайсці аргументы будзе лёгка, бо гэта ж так проста. Але на пошук адказу пайшло некалькі тыдняў. Менавіта таму, што проста. Простыя пытанні бываюць самымі складанымі. Знайшоўшы чарговы неаспрэчны кірунак развіцця думкі, ну, напрыклад, пра тое, што быць беларусам — значыць адчуваць гонар за землякоў, якія таго гонару вартыя, — я сам здольны быў адказаць, чаму гэта несур’ёзна. Кшталту: нармальны чалавек павінны ганарыцца сваімі справамі. Пасадзіў дрэва, набыў карча, зарабіў на двуху на Каменнай Горцы. Які понт нармальнаму чалавеку ганарыцца нейкім там Багушэвічам? Што агульнага ў цябе, паважаны, з тым Багушэвічам? Жылі ў розныя часы, у розных мясцінах і прозвішчы ў вас розныя.

Так з Платонавай вырачанасцю адкідаліся ўсе магчымыя опцыі адказу: «Быць беларусам варта, бо ў нас файнае мінулае…» Але адзінае тваё мінулае — гэта тое, што ты сам стварыў пасля нараджэння, сказаў бы мне мой пружанскі суразмоўца! Ці: «Быць беларусам варта, каб размаўляць на мове, якія перадалі нам продкі». Пружанін моршчыцца і абрывае: мова ва ўсім свеце хутка будзе адна, англійская, і гэта непазбежна! Ці: «Трэба быць беларусам, каб разумець тугу, што ахінае цябе на чужыне». Пружанец пасміхаецца: ты тужыш па дзяржаўным гербе? Па сцягу (тым больш што гэты сцяг не вельмі свой для тых, хто размаўляе на мове)? Ці, можа, па контуры краіны на мапе? Па тэлебачанні? Ды не! Ты тужыш па мясцінах, па людзях, а яны не маркіраваныя сваёй нацыянальнасцю!.. Яны — проста людзі. Добрыя ці дрэнныя.

Вы можаце самі паспрабаваць, гэта вельмі цікавая гульня! Любы пазітыўны адказ на пытанне, чаму нам варта быць беларусамі, мае жалезны контраргумент, які адразу ж прыходзіць на розум, калі вы схільныя да ўдумлівага асэнсавання той ці іншай праблемы.

Дык шэкспіраўскага ўзроўню праблемку паставіў перада мной пружанін!

Я злаваўся. Я быў гатовы напісаць так: ведаеце, калі вы ў прынцыпе задаяцеся гэткімі пытаннечкамі, вам няма ніякага сэнсу шукаць на іх адказ. Бо вы, магчыма, сапраўды не беларус! Але ж я сам усё жыццё быў супраць выключэння людзей з нейкіх груп толькі за тое, што яны задаюць няўдзячныя пытанні.

Дык вось, адказ знайшоўся, калі я крыху змясціў фокус. Калі я стаў думаць не «чаму?», не «навошта?», а «праз што?». Бо першыя дзве фармулёўкі, пры ўсёй іх зразумеласці, проста памылковыя: быццам мы беларусамі не ёсць і проста шукаем свой прафіт імі назвацца. Але мы беларусы па факце і пашпарце, і калі закласці гэтую максіму ў пачатак, усё адразу вымалёўваецца, проста і зразумела.

Вось глядзіце, мой шаноўны пружанскі сябра: калі вы аднойчы пакінеце Пружаны і паедзеце ў Маскву, Вільню, Прагу ці Берлін, вы адразу адчуеце, што вас атачаюць крыху іншыя людзі. Іншыя не па манеры апранацца і не па мове, бо сапраўды, размаўляць вы з імі можаце на агульнай нямецкай, польскай ці англійскай. Але тое, чым яны будуць кіравацца ў жыцці, іх матывы, іх уяўленні пра дабро, пра культуру, пра высакароднасць, пра вартасць, пра добрую літаратуру, пра цікавае кіно, пра Савецкі Саюз, пра Сярэднявечча, пра Еўропу — усё гэта будзе крыху адрознівацца ад вашых. Тут вы мне скажаце: я і ў Пружанах не ўсіх разумею, тут і ў Пружанах, па-вашаму, немцаў досыць, бо адны п’юць, іншыя — не, адны глядзяць серыялы, іншыя — не.

Гэта так, але калі вы пажывяце за мяжой пэўны час, вы навучыцеся вылучаць рысы, якія турка робяць туркам, араба — арабам, якія адрозніваюць бельгійца ад француза, немца — ад аўстрыйца. Калі вы будзеце дастаткова пільным, вы заўважыце, што жыхары нямецкамоўных Вены і Берліна вельмі адрозніваюцца ў сваіх паводзінах. І гэта не сціраецца нават нашай інтэрнэт-эпохай, якая робіць усіх нас аднолькавымі. Іспанцы проста адрозныя ад партугальцаў, гэта ведае кожны, хто быў у абедзвюх краінах. Тыбетцы зусім не падобныя да непальцаў ці індусаў, хаця ў першых нават краіны сваёй цяпер няма, а ў другіх і трэціх аднолькавыя рэлігіі.

Дык вось, вы пабачыце, што па факце мы не падобныя да палякаў, не падобныя да немцаў, не падобныя да рускіх. І калі ў вас будуць пытаць, хто вы, вам трэба будзе неяк сябе назваць. Бо, паверце, калі вы, з нашым характэрным акцэнтам, скажаце, «айм джаст э х’юман бін», вас адразу назавуць «рускім», і пытанне, ці лепей гэта для вас, чым быць беларусам. Для мяне — не, не лепей. Але не таму, што я нацыяналіст, а таму, што я за дакладнасць фармулёвак.

Арабы кажуць «шукран», туркі — «тэшэкюр эдэрым», рускія — «спасіба», беларусы — «дзякуй».

Мы — беларусы, і гэта ўжо вырашаны факт, хаця шмат каму з людзей, якія спрабавалі адказаць на пытанне, як нам звацца, да мяне, гэты адказ каштаваў здароўя, свабоды, жыцця ці кар’еры. Мы беларусы, і гэта з’ядноўвае нас па відавочных для ўсіх (можа, акрамя асобных жыхароў малых гарадоў) прыкметах, якія і робяць нас беларусамі. Прыкметы гэтыя ў розных асяродках будуць рознымі: рускія нас назавуць палякамі, палякі — рускімі, немцы скажуць, што мы — «ост-ойрапейцы», літоўцы — што мы балты, славянафілы будуць даводзіць пра Полацкае княства і праваслаўнае братэрства, адданыя ліцвіны — нагадваць пра Міндоўга.

Мы беларусы і застанемся імі, нават калі гэта будзе шкодна, болей за тое, шмат хто з вашых суайчыннікаў, вузкіх спецыялістаў, моцна выйграў бы матэрыяльна, калі б з’ехаў займацца стаматалогіяй ў Вісконсін і зрабіўся б там «чыстакроўным амерыканцам». Мы беларусы «не чаму», а «праз што». Праз тое, што радзіліся на гэтай зямлі, гадаваліся тут і будзем думаць пра яе перад смерцю.

Таму адзіны слушны адказ на тое праклятае пытанне, чаму беларусу быць беларусам, такі: таму, што мы такімі ёсць. Кропка.

budzma.by